Прэс-рэліз
27 лістапада стануць вядомыя пераможцы Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”, які сёлета ладзіцца чацвёрты раз. Упершыню ўбачыць цырымонію ўрачыстага ўзнагароджання змогуць і тэлегледачы - у эфіры сацыякультурнага канала “Беларусь 3” будзе паказана тэлеверсія святочнага мерапрыемства.
З 21 па 27 лістапада ў Мінску праходзіць заключны этап IV Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная тэатральная прэмія”, фінал якога - цырымонія ўзнагароджання - адбудзецца ў Купалаўскім тэатры. Паводле слоў арганізатараў, мерапрыемства абяцае стаць яркім і запамінальным. Гэта будзе накшталт экскурсу ў гісторыю, у тэатр мінулага, далучыцца да якога змогуць і гледачы тэлеканала “Беларусь 3”.
Нагадаем, сёлета на ўдзел у праекце было пададзена 45 заявак, з якіх 21 работа, на думку крытыкаў і дзеячаў тэатральнага мастацтва, вартая прэтэндаваць на перамогу ў 19 намінацыях.
Дарэчы, гэтым разам конкурс пройдзе ў новым фармаце. У прыватнасці, лаўрэаты будуць названыя ў чатырох асноўных катэгорыях: драматычны, музычны і лялечны тэатр, а таксама тэатр для дзяцей і юнацтва. Дадаткова будуць названыя і выканаўцы лепшай мужчынскай і жаночай роляў. Пераможцы атрымаюць прызы, дыпломы і грашовыя ўзнагароды.
Акрамя таго, упершыню адна з конкурсных работ атрымае спецыяльную ўзнагароду ад Белтэлерадыёкампаніі і тэлеканала “Беларусь 3” - дыплом за лепшы спектакль на беларускай мове, які падчас святочнага мерапрыемства ўручыць Старшыня медыяхолдынга Генадзь Давыдзька.
Тэлеверсію цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай тэатральнай прэміяй гледачы “Беларусь 3” убачаць 27 лістапада ў 22:45. Паўтор выйдзе 28 лістапада ў 15:00.
Акрамя таго, тэма конкурсу тэатральнага мастацтва будзе адлюстраваная ў выпусках праектаў “Калейдаскоп” і “Дыя@блог”.
Інфармацыйна: арганізатарамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якая ўручаецца з 2011 года, выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Конкурс ладзіцца раз на два гады. Галоўны крытэрый - наватарства і агульны ўклад у культуру. Удзельнікамі конкурсу могуць стаць прафесійныя калектывы мастацкай творчасці.













