Інфармацыйнае паведамленне
Тэлеканал "Беларусь 3" пачаў здымкі новага праекта "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака". Галоўнымі героямі будучай праграмы стануць таленавітыя жывапісцы, тэатральныя мастакі і скульптары, асабістыя гісторыі якіх часта хаваюцца за іх творамі. Увазе тэлегледачоў будзе прапанаваны цыкл фільмаў-партрэтаў пра тое, як жывуць, ствараюць, аб чым мараць сучасныя майстры.
Творчая група не раскрывае ніякіх дэталяў праекта - усё трымаецца ў строгім сакрэце. Аўтары нават не называюць імёнаў мастакоў, якія стануць цэнтральнымі фігурамі "Майстэрні".
Дарэчы, здымкі цыкла фільмаў-партрэтаў праходзяць не толькі ў святая святых - майстэрнях, дзе нараджаюцца шэдэўры, але і ў асяроддзі мастака, бо "майстэрня" - гэта ўдалая метафара.
Паводле слоў аўтара праекта "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" Юліі Кобрыкавай, тэлегледачы пачуюць неверагодныя гісторыі таленавітых майстроў, прычым не толькі пра поспех, але і пра няўдачы і тыя работы, якія мастакі хацелі б сцерці з памяці. Гледачы змогуць сваімі вачамі ўбачыць, як ствараецца сапраўднае мастацтва.
З цыкла фільмаў гледачы даведаюцца шмат дзіўных фактаў. Напрыклад, чые работы хутка з'явяцца ў падручніках па гісторыі, што павінна адбыцца з жывапісцам, каб з рэаліста ён ператварыўся ў авангардыста, а таксама хто са знакамітых беларускіх майстроў быў адлічаны з мастацкага вучылішча за прафнепрыдатнасць.
Старт цыкла тэлевізійных фільмаў-партрэтаў "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" запланаваны ў эфіры "Беларусь 3" на канец мая.
Дарэчы, у красавіку на "Беларусь 3" карціны "загучалі" - у рамках праекта "Выяўленчае мастацтва Беларусі" ў эфіры з'явілася серыя міжпраграмных відэаролікаў, у якіх прапанаваныя лепшыя ўзоры айчыннага жывапісу.












