"Беларусь 24" пакажа гледачам "Беларусаў"

16.11.2017
24 лістапада ў эфіры міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала медыяхолдынга стартуе прэм'ера новага тэлевізійнага цыкла "Беларусы". Праект распавядзе пра таленавітых і незвычайных беларусаў, пакажа самабытнасць і нацыянальны каларыт нашай краіны.

Прэс-рэліз

24 лістапада ў эфіры міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала медыяхолдынга стартуе прэм'ера новага тэлевізійнага цыкла "Беларусы". Праект распавядзе пра таленавітых і незвычайных беларусаў, пакажа самабытнасць і нацыянальны каларыт нашай краіны, раскрые душу і сапраўдны характар людзей, якія жывуць тут.

Знаёмства з героямі праграмы абавязкова запомніцца тэлегледачам і пакіне выключна пазітыўныя і яркія ўражанні, бо лад жыцця гасцей праекта вельмі адрозніваецца ад жыцця простага абывацеля.

Так, герой першага выпуску - гадзіншчык Андрэй Мартынюк, які жыве ў Дзяржынску. Слава пра майстра гучна "цікае" на ўвесь свет. Па спецыяльнасці ён інжынер электрасувязі. Але гэта яму ніколі не перашкаджала, а нават дапамагала. Вось ужо гадоў 30 ён захоплена займаецца сваім хобі - майструе драўляныя гадзіннікі.

Стварыць драўляныя гадзіннікі даволі складана. У гадзіннікавых механізмах шмат дэталяў, шасцярэнек, зуб'яў - усё павінна быць ідэальна дакладна. Здымачная каманда "Беларусаў" убачыла неверагодныя маятнікі, кітайскага дракона, сірына, гадзіннікі з грасхоперам "конік", "кангрэў" - рухомую пляцоўку, па якой, як па лабірынце, праходзіць металічны шарык. Механізмы розныя, дызайн аўтарскі, ідэі - свае.

Таксама Андрэй Мартынюк робіць электраскрыпкі і электрагітары, узяўся і за кінетычны тэатр, у якім фігуры будуць скакаць цераз агонь і вадзіць карагоды, а музыканты - іграць. Апроч гэтага, майстар падумвае стварыць музей, дзе будзе механіка Леанарда да Вінчы, зала фэнтэзі і 6-метровы маятнік Фуко…

Другім "Беларусам" стане мастак і музыкант Алесь Лось. Па адукацыі графік, рабіў іканастасы, займаўся батлейкай. Сёння жыве ён на сваім "Хутары Дудара", дзе прымае сяброў, гасцей і турыстаў, ладзіць свае знакамітыя музычныя вечары. Бо ў яго сабрана ўнікальная калекцыя старажытных беларускіх інструментаў: скрыпкі, цымбалы, гармонікі. І гэта не проста музейныя экспанаты - усё гучыць.

Беларусы

Сам жа майстар - дудар, даследуе і адраджае страчанае мастацтва. Алесь ездзіў у экспедыцыі па вёсках, сустракаўся з тымі, хто мог хоць бы наспяваць старажытныя мелодыі дудароў або найграць іх на іншых музычных інструментах. Запісаў 17 гадзін матэрыялу і спадзяецца, што калі-небудзь дуда стане нашым нацыянальным брэндам - такім жа, як валынка ў Шатландыі, пра якую ўспомнілі толькі ў пасляваенны час.

Беларусы

Герой трэцяй праграмы - Ігар Бышнёў, дакументаліст, анімаліст, кандыдат біялагічных навук. Журналісты "Беларусь 24" сустрэліся з ім у Бярэзінскім запаведніку. Палюбаваліся прыродай, паслухалі гукі птушак, пагутарылі з балотнікам. Ігар Бышнёў жыве ў запаведніку і разам з сынамі здымае фільмы аб прыродзе, прычым не толькі аб беларускай. Выязджае і ў Расію, і ў Азербайджан. Чарапахі, зубры, ваўкі, мядзведзі - усе яны з задавальненнем здымаюцца ў яго карцінах, а гледачы з такім жа задавальненнем глядзяць гэтыя фільмы. Наш герой нават даў здымачнай групе майстар-клас, як трэба здымаць жывёлін, каб усталяваць з імі кантакт.

І, нарэшце, гледачоў чакае сапраўдная сенсацыя. На вачах творчай групы "Беларусаў" партрэт Януша Радзівіла ператварыўся зусім у іншага Януша Радзівіла. У майстэрнях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі рэстаўратар Аркадзь Шпунт карпатліва, па мікронах, вяртае страчаную спадчыну Беларусі. Знаёмы нам хрэстаматыйны партрэт аказваецца чыстай копіяй. Гісторыя амаль дэтэктыўная, бо выратаванне шэдэўраў - сапраўдны цуд.

Беларусы

Беларусы

Першы выпуск новага цыкла праграм "Беларусы" гледачы міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала ўбачаць 24 лістапада ў 20:10. Праект таксама будзе даступны анлайн на сайце www.belarus24.by