Прэс-рэліз
6 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" адбудзецца прэм'ера гісторыка-драматычнага серыяла "Жамчужына палаца" (Паўднёвая Карэя, 2003 год). Кінастужка распавядзе пра няпросты лёс дзяўчыны па імені Тангем. Талент і ўпартасць дазволілі галоўнай гераіні стаць першай жанчынай-урачом пры імператарскім палацы, выратаваць вялікую колькасць жыццяў і знайсці новыя спосабы лячэння страшных хвароб.
Падзеі 54-серыйнай драмы разгортваюцца ў XVI стагоддзі ў Карэі. Яшчэ ў маленстве Тангем страчвае бацькоў і воляю лёсу трапляе на імператарскую кухню. Пад заступніцтвам адной з прыдворных Тангем прыкладае ўсе намаганні, каб стаць лепшым поварам у палацы.
Аднак поспех маладой дзяўчыны не дае спакою зайздроснікам, і Тангем выганяюць з палаца. Яна вымушана ўцячы на востраў Чэджу, дзе становіцца прыслужніцай мясцовага намесніка імператара. Знаходзячыся ў выгнанні, Тангем захапляецца медыцынай і дзякуючы сваёй уседлівасці і настойлівасці становіцца лепшай жанчынай-урачом на востраве.
Праз некаторы час Тангем вяртаецца ў палац. Імператар пазнае ў ёй маленькую дзяўчынку, якая раней працавала на кухні, і прапануе галоўнай гераіні стаць яго асабістым урачом…
"Жамчужына палаца" - самы паспяховы паўднёвакарэйскі тэлесерыял, які пабіў усе рэйтынгі ў Карэі (57,1 %). Больш за тое, серыял набыў мноства прыхільнікаў ва ўсім свеце, уяўляючы так званую карэйскую хвалю ў сусветным кінематографе. Ён трансліраваўся ў Расіі, Аўстраліі, ЗША, Швецыі, Іране, Саудаўскай Аравіі, Турцыі, Перу, Калумбіі, Егіпце, Румыніі, Канадзе, Індыі, Ізраілі, Венгрыі і Новай Зеландыі. Унікальныя мясціны, дзе праходзілі здымкі серыяла - востраў Чэджу, карэйская фальклорная вёска, крэпасць Хэнгун у Сувоне, палац Чхандакун – і зараз застаюцца ўпадабанымі аб'ектамі сярод турыстаў.
У аснове серыяла рэальная гістарычная фігура - дзяўчына па імені Чангым, першая і адзіная жанчына-ўрач, якая служыла пры імператары ў строга іерархічным мужчынскім грамадстве эпохі дынастыі Часон.
Галоўную ролю ў шматсерыйнай драме "Жамчужына палаца" выканала зорка карэйскага кіно і тэлебачання Лі Ён Э. Актрыса таксама іграла яркія ролі ў шматлікіх серыялах і кінафільмах, сярод якіх "Спагада спадарыні Помста", "Аб'яднаная зона бяспекі", "Аднойчы вясной".
Сёння можна сустрэць розныя назвы серыяла: "Вялікая Чангым", "Чароўная Тангем", "Скарб каралеўскага палаца", "Жамчужына ў палацы", "Жамчужына палаца". Усе яны не скажаюць сэнсу, а наадварот, гавораць пра вялікага і выдатнага чалавека, каштоўнасць якога прыраўноўваецца да каштоўнасці жэмчугу.
Гістарычная драма будзе выходзіць у эфіры тэлеканала "Беларусь 2" з аўторка па пятніцу ў 9:05 і 18:40.













