Прэс-рэліз
29 верасня гледачоў канала "Беларусь 1" чакае вялікая прэм'ера Агенцтва тэленавін - суботняе шоу "Макаёнка, 9". Гэта першы ў Беларусі праект, які сумесціць фармат інфармацыйнай праграмы і класічнага late night show.
"Для ўсіх, хто працуе ў Белтэлерадыёкампаніі, Макаёка, 9 - другі дамашні адрас, і нават суботнім вечарам кожны гатовы прыкласці максімум намаганняў, каб гэты час тэлегледачы ў сваіх дамах правялі ў кампаніі з "Беларусь 1". Назва "Макаёнка, 9" поўнасцю адпавядае канцэпцыі праекта. Па-першае, у стварэнні праграмы можа прыняць удзел любы супрацоўнік медыяхолдынга, па-другое, сама лакацыя, дзе будуць праходзіць здымкі, даўно з'яўляецца вядомым брэндам Беларускага тэлебачання", - гаворыць намеснік Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка.
Ці даводзілася беларускаму гледачу бачыць тэлевядучага, які дабіраецца ў студыю на прыватным верталёце? А ці размаўляў хто-небудзь з іх з зоркамі першай велічыні на канапе кожную суботу? Галоўны медыяхолдынг краіны дасць гледачам магчымасць правесці вечар выхаднога дня на Макаёнка, 9 у кампаніі вядомага вядучага і шоумена Яўгена Перліна і яго знакамітых гасцей.

У адрозненне ад традыцыйных інфармацыйна-аналітычных праграм вядучы "Макаёнка, 9" будзе размаўляць з гасцямі ў студыі ў нязмушанай атмасферы і задаваць гумарыстычныя і сур'ёзныя пытанні. Гледачоў чакае сустрэча з сусветнымі зоркамі, людзьмі, якіх прынята называць VIP-персонамі, і звычайнымі беларусамі, якія сенсацыйна ўзарвалі Інтэрнэт.
"Пенал" праекта "Макаёнка, 9" у кожным выпуску будуць папаўняць новыя рубрыкі, якія стануць пастаяннымі, калі спадабаюцца гледачам, а таксама праграма гатова ўзнімаць сацыяльныя і іншыя праблемы. Нязмушаную атмасферу ў студыі створыць музычнае суправаджэнне ў выкананні гурта "Агонь Аркестр" і жарты ў фармаце stand up.

"Мы гатовыя іранізаваць і смяяцца з сябе, бо нас у любым выпадку будуць параўноўваць з вядомымі расійскімі і замежнымі вячэрнімі шоу. Насамрэч усе фарматы ўжо даўно выдуманыя, і мы ад кожнага возьмем самае лепшае і скамбінуем", - расказаў аўтар і вядучы праекта "Макаёнка, 9" Яўген Перлін.
У студыі "600 метраў" абмяркуюць самыя гарачыя навіны за тыдзень, але часавы фармат шоу дазволіць раскрыць кожную тэму больш шырока і цікава. Інфармацыйныя сюжэты будуць іншымі па жанры - яны пададуць галоўныя навіны з нефармальнага боку. Дарэчы, гасцямі ў студыі будуць і самі карэспандэнты, якія падрыхтавалі гэтыя сюжэты. Яны раскажуць пра цяжкасці, з якімі сутыкнуліся падчас запісу, і пра тое, што засталося за кадрам.
"Гэта будзе праект, які ўся наша творчая каманда робіць выключна з задавальненнем. Нягледзячы на тое што праграма будзе выходзіць у суботу, пастараемся захаваць актуальнасць тэм, што былі на пагалосцы ўвесь тыдзень, якімі кожны дзяліўся з сябрамі і рэпосціў у Інтэрнэце. Калі галоўнай тэмай мінулых дзён стане невясёлая падзея, то мы пра яе таксама абавязкова пагаворым, але ўжо ў крыху іншым фармаце", - дапоўніў Яўген Перлін.
Усім вядома, што карэспандэнты АТН асвятляюць самыя галоўныя падзеі ў краіне і за мяжой, але гэтым разам яны падзеляцца інфармацыяй нават аб тых мерапрыемствах, на якіх прысутнічалі як прыватныя персоны - ці гэта модны паказ, закрытая вечарынка або спартыўны турнір. А гледачам, каб трапіць туды, дастаткова будзе ўключыць тэлеканал "Беларусь 1" кожную суботу ў 20:00.












