Прэс-рэліз
23 жніўня ў вячэрнім эфіры галоўнага тэлеканала краіны гледачы ўбачаць новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Актуальнае інтэрв'ю" з рэктарам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, доктарам эканамічных навук, прафесарам Уладзімірам Шымавым. З інтэрв'ю гледачы даведаюцца, якія асноўныя трэнды ўступнай кампаніі 2017 года вылучае прафесар, ці існуе зваротная сувязь паміж рэальным сектарам эканомікі і сістэмай падрыхтоўкі кадраў, і ці варта ўлічваць сярэдні бал атэстата пры паступленні ва ўніверсітэт.
Уладзімір Шымаў - вядучы ў краіне спецыяліст у галіне прагназавання развіцця складаных сацыяльна-эканамічных сістэм, рэгіянальнай эканомікі, а таксама праблем эфектыўнасці вытворчасці. Ён нарадзіўся ў Запарожскай вобласці Украіны, вучыўся ў Маскве ў МДУ, скончыўшы аспірантуру, пераехаў у Мінск. Доўгі час працаваў у Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь, быў першым намеснікам міністра, пасля 6 гадоў кіраваў ведамствам. Зараз ён узначальвае галоўную эканамічную ВНУ краіны, з'яўляецца старшынёй савета рэктараў вышэйшых навучальных устаноў.
Напярэдадні Рэспубліканскага педагагічнага савета ў "Актуальным інтэрв'ю" Уладзімір Мікалаевіч раскажа, якая з сістэм ацэнкі - пяцібальная або десяцібальная - лепш, як удасканаліць цэнтралізаванае тэсціраванне, і ці можа адукацыя эфектыўна арыентавацца на патрэбнасці эканомікі.
"Актуальнае інтэрв'ю" з Уладзімірам Шымавым выйдзе на тэлеканале "Беларусь 1" 23 жніўня адразу пасля "Панарамы".













