Прэс-рэліз
7 чэрвеня ў вячэрнім эфіры галоўнага тэлеканала краіны гледачы ўбачаць новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Актуальнае інтэрв'ю" з вядомым расійскім псіхалінгвістам, тэлевядучым, паліглотам, лаўрэатам прэміі Урада Расіі ў сферы адукацыі і культуры Дзмітрыем Пятровым.
Шмат у чым таленавіты чалавек, Дзмітрый Пятроў з'яўляецца адным з самых папулярных лінгвістаў у Расіі. Ён ведае 50 замежных моў і пастаянна пашырае гэты спіс. Герой "Актуальнага інтэрв'ю" ўжо ў школе свабодна чытаў на англійскай, нямецкай, французскай і італьянскай мовах. Зараз Дзмітрый Юр'евіч выкладае ў Маскоўскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце імя Марыса Тарэза і з'яўляецца кіраўніком цэнтра інавацыйна-камунікатыўнай лінгвістыкі.
Вядомы выкладчык і паліглот упэўнены, што любы чалавек можа засвоіць асновы чужой мовы, гэта толькі пытанне правільнай матывацыі і разумнага падыходу. Спецыяльна для гледачоў "Беларусь 1" ён падзеліцца сакрэтамі ўласнай распрацоўкі ўнікальнай методыкі, якая дазваляе літаральна за два тыдні загаварыць на любой мове, нават на кітайскай!
Таксама герой "Актуальнага інтэрв'ю" раскажа пра тое, як працаваў перакладчыкам на міжнародных сустрэчах усіх прэзідэнтаў Расіі, а зараз у рамках рэаліці-шоу спрабуе зрабіць паліглотамі іншых.
У эксклюзіўным інтэрв'ю размова пойдзе і пра асабістае, бо Дзмітрый Пятроў жанаты з лінгвісткай, ураджэнкай Індыі. Ён вывучыў хіндзі, каб з лёгкасцю размаўляць са сваімі дзецьмі.
Глядзіце "Актуальнае інтэрв'ю" 7 чэрвеня на тэлеканале "Беларусь 1" адразу пасля "Панарамы".













