"Беларусь 1" пакажа "Cілу ведаў"

25.10.2017
26 кастрычніка ў вячэрнім эфіры "Беларусь 1" Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі пакажа прэм'еру дакументальнага фільма "Сіла ведаў", прысвечанага юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Прэс-рэліз

26 кастрычніка ў вячэрнім эфіры галоўнага канала краіны Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі пакажа прэм'еру дакументальнага фільма "Сіла ведаў", прысвечанага юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Гледачы "Беларусь 1" даведаюцца, чым так славіцца галоўная спартыўная ВНУ краіны, якія ўспаміны захоўваюць аб сваёй альма-матар алімпійскія чэмпіёны, чаму спорт тут лічаць інтэлектуальным відам дзейнасці.

За 80 гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры дасягнуў статусу найбуйнейшай спартыўнай ВНУ краіны. Яго гісторыя пачыналася са стварэння невялікага фізкультурнага тэхнікума, у якім у 1929 годзе лічылася ўсяго некалькі дзясяткаў навучэнцаў. Універсітэт фізкультуры сёння - гэта перш за ўсё унікальная матэрыяльна-тэхнічная база. У большай частцы цэлага спартыўнага кластара, у тым ліку і арэны, праводзяцца найбуйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы.

За восем дзесяцігоддзяў ва ўніверсітэце падрыхтавана каля 30 тысяч спецыялістаў, якія працуюць ва ўсіх структурах нацыянальнай сістэмы адукацыі - ад дзіцячых дашкольных устаноў да ВНУ. Навучальны працэс забяспечваюць каля 900 чалавек, сярод іх 10 дактароў навук, 97 кандыдатаў навук. Варта адзначыць, што 137 беларусаў - выпускнікоў Універсітэта фізкультуры заваёўвалі медалі на найбуйнейшых спартыўных спаборніцтвах - Алімпійскіх гульнях.

Гледачы "Беларусь 1" даведаюцца, як хвалявалася перад іспытамі алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя, якімі запомніліся ўніверсітэцкія гады для Любові Чаркашынай і равесніка ўніверсітэта-юбіляра - трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя.

У фільме "Сіла ведаў" журналіст АТН Мікалай Стула пагутарыць з самым вядомым беларускім гандбольным суддзёй і самым маладым рэктарам БДУФК Сяргеем Рэпкіным. Ён распавядзе, якім бачыць універсітэт у будучыні, чаму ў сучасным спорце фізічная сіла без навуковага суправаджэння не дае выніку.

Пазнаёмяцца тэлегледачы і з загадчыкам кафедры біямеханікі Мікалаем Соцкім, гонарам універсітэта, кавалерам розных ордэнаў, які не толькі распавядзе аб спосабах збліжэння навукі і практыкі ў спорце, але і пакажа сваю ўнікальную распрацоўку "Спартыўны партфель у зале". Падзеліцца сваімі дзейснымі практыкаваннямі для ўмацавання здароўя і 97-гадовы Міхаіл Цэйцін, заслужаны трэнер СССР.

Не абыдзе ўвагай здымачная каманда АТН і спецыфіку дыстанцыйнага навучання ў БДУФК, бо студэнтам часта прыходзіцца сумяшчаць вучобу са спартыўнай кар'ерай, а таксама распавядзе пра стварэнне экстэрнатуры для спартсменаў, якія блізкія да завяршэння кар'еры.

Апроч гэтага, "Сіла ведаў" распавядзе, чаму анатомія - гэта фундаментальны прадмет, чым так небяспечныя трэнеры-самавучкі, якую дынаміку ў развіцці спартсменаў бачаць супрацоўнікі міжкафедральнай навучальна-навукова-даследчай лабараторыі, пры дапамозе чаго кафедра футбола і хакея плануе паляпшаць якасць адукацыі.

"Спорт займае ўсё больш месца ў жыцці беларускага грамадства. Час кідае новыя выклікі. Закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя - адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які тлумачыць, якім чынам адбываецца рух і развіццё. Сённяшні патэнцыял беларускага спорту, падмацаваны студэнцкім славалюбствам, вялізны, бо сіла закладзена ў ведах", - лічыць аўтар фільма Мікалай Стула.

Прэм'еру дакументальнага фільма "Сіла ведаў" гледачы "Беларусь 1" убачаць 26 кастрычніка адразу пасля "Панарамы".