"Беларусь 1" пакажа "Актуальнае інтэрв'ю" з Юрыем Караевым

13.03.2018
14 сакавіка ў вячэрнім эфіры галоўнага тэлеканала краіны гледачы ўбачаць новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Актуальнае інтэрв'ю" з намеснікам Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь - камандуючым унутранымі войскамі генерал-маёрам Юрыем Караевым. Прэс-рэліз

14 сакавіка ў вячэрнім эфіры галоўнага тэлеканала краіны гледачы ўбачаць новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Актуальнае інтэрв'ю" з намеснікам Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь - камандуючым унутранымі войскамі генерал-маёрам Юрыем Караевым.

18 сакавіка 1918 года ў Віцебску з ліку добраахвотнікаў была створана асобная каманда канвойных вартавых, якая ажыццяўляла функцыі ўнутраных войскаў. Падчас Грамадзянскай вайны яна была ператворана ў 5-ы Беларускі канвойны полк, а пасля стала адносіцца да Узброеных сіл, і ўсе часці ўнутраных войскаў самааддана змагаліся з фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1945 гадах. У пасляваенны час яны сачылі за грамадскім парадкам у краіне, ваявалі ў Афганістане, ліквідоўвалі наступствы аварыі на ЧАЭС. Сёння служыць ва ўнутраных войсках МУС Рэспублікі Беларусь - гэта вялізны гонар і вялікая адказнасць за нацыянальную бяспеку.

Напярэдадні 100-гадовага юбілею ўнутраных войскаў МУС Беларусі выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Актуальнае інтэрв'ю" будзе прысвечаны мужным і высакародным людзям, якія выбралі сваім прызначэннем службу ў імя спакою і ўнутранага парадку ў нашай краіне.

Са снежня 2012 года ўнутранымі войскамі МУС камандуе генерал-маёр Юрый Караеў. У "Актуальным інтэрв'ю" Юрый Хаджымуратавіч падрабязна распавядзе пра гісторыю, функцыі і задачы ўнутраных войскаў, якія ў прыярытэце сёння.

У эксклюзіўным інтэрв'ю намеснік Міністра ўнутраных спраў раскажа журналістам АТН, якія выпрабаванні неабходна пераадолець байцу, каб атрымаць ганаровую рэгалію - крапавы берэт. Як старшыня Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса ён падзеліцца тым, якія перспектывы развіцця гэтых відаў спорту ў нашай краіне, якім відам захапляецца сам. А таксама госць праграмы распавядзе, як пажывае знакамітая рысь – сімвал воінскай часці 3214.

"Актуальнае інтэрв'ю" з Юрыем Караевым выйдзе на тэлеканале "Беларусь 1" 14 сакавіка адразу пасля "Панарамы".