Прэс-рэліз
11 мая вечарам у Кіеве адбудзецца другі паўфінал Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Прамую трансляцыю грандыёзнага песеннага форуму ў 22:00 пачнуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама сайт Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.
Прадстаўнік Беларусі група NaviBand з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" выступіць пад нумарам 14. Разам з нашым канкурсантам за пуцёўку ў фінал будуць змагацца выканаўцы з Сербіі, Аўстрыі, Македоніі, Мальты, Румыніі, Нідэрландаў, Венгрыі, Даніі, Ірландыі, Сан-Марына, Харватыі, Нарвегіі, Швейцарыі, Балгарыі, Літвы, Эстоніі, Ізраіля.
У другім паўфінале галасуюць краіны-ўдзельніцы, а таксама Германія, Францыя і Украіна. Тэлефонныя нумары для галасавання будуць аб’яўлены каментатарам, а таксама пазначаны эфірнай графікай падчас прамой трансляцыі. У адпаведнасці з правіламі конкурсу, беларускія тэлегледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну.
Каменціраваць другі паўфінал галоўнага музычнага тэлевізійнага шоу Еўропы па-беларуску будзе журналіст Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Яўген Перлін.
Тым часам наша дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, група NaviBand і іх творчая каманда, працягвае рыхтавацца да выступлення ў паўфінале. Вакал, харэаграфія, сустрэчы з журналістамі - з кожным днём графік становіцца ўсё больш напружаным… Сёння генеральны прагон, на якім група NaviBand павінна адпрацаваць конкурсны нумар на 100 %.
Напярэдадні вечарам на сцэне Міжнароднага выставачнага цэнтра адбыўся першы паўфінал Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Па яго выніках з 18 краін у пераможную дзясятку ўвайшлі прадстаўнікі Малдовы, Азербайджана, Грэцыі, Швецыі, Партугаліі, Польшчы, Арменіі, Аўстраліі, Кіпра і Бельгіі.
Гэтыя артысты далучацца да сваіх калег з краін Вялікай пяцёркі, якія традыцыйна трапляюць у фінал "Еўрабачання" аўтаматычна (Германія, Францыя, Італія, Іспанія і Вялікабрытанія), а таксама Украіна на правах пераможніцы мінулага года.
Нагадаем, у 62-м конкурсе "Еўрабачанне-2017" прымаюць удзел 42 краіны. Украіна праводзіць песенны форум другі раз. Раней краіна праводзіла ў сябе конкурс у 2005 годзе. Слоган цяперашняга "Еўрабачання" - Celebrate Diversity. Лагатып уяўляе сабою традыцыйныя ўкраінскія каралі - маніста. Упершыню весці конкурс сёлета даверана выключна мужчынам: украінскім тэлевядучым Уладзіміру Астапчуку, Аляксандру Скічко і Цімуру Мірашнічэнку.













