АТН прапануе фільм "Анатолю Ярмоленку!" да 70-годдзя мэтра

14.11.2017
15 лістапада ў эфіры "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ера фільма "Анатолю Ярмоленку!", падрыхтаванага творчай групай Агенцтва тэленавін медыяхолдынга да 70-гадовага юбілею народнага артыста Беларусі.

Прэс-рэліз

15 лістапада ў эфіры галоўнага канала краіны адбудзецца прэм'ера фільма "Анатолю Ярмоленку!", падрыхтаванага творчай групай Агенцтва тэленавін медыяхолдынга да 70-гадовага юбілею народнага артыста Беларусі. Гэты фільм раскрые малавядомыя факты пра легенду беларускай эстрады - ад з'яўлення нязменнага іміджу ў лідара ансамбля "Сябры" да ўзаемаадносін у сям'і Ярмоленкі.

"Анатолю Ярмоленку!" - хранікальна-дакументальны фільм пра легенду беларускай эстрады, заснавальніка і кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля "Сябры". Яго называюць зоркай беларускай сцэны і патрыярхам айчыннага шоу-бізнесу, але ў новым фільме АТН Анатоль Ярмоленка паўстане з іншага боку - адкрыта раскажа пра творчасць і пра сям'ю.

Творчы шлях Анатоля Іванавіча пачынаўся ў Гомельскай абласной філармоніі, куды ехалі таленавітыя артысты, каб напрацаваць стаж для будучага пакарэння Масквы і Санкт-Пецярбурга. Дарэчы, адным з герояў фільма АТН стане вядомы артыст Аляксандр Буйноў, які распавядзе пра сваё станаўленне ў той жа філармоніі, і за што ён удзячны Анатолю Ярмоленку. Здымачная група пабывала ў гомельскай студыі, дзе ствараліся будучыя хіты "Сяброў". Журналісты АТН адшукалі першыя сцэнічныя касцюмы ансамбля і спецыяльна для фільма ўзнавілі выступленне таго часу ў форме сапраўднага ігравога кіно. Ролю маладога Ярмоленкі выканаў артыст, якому не дадзена чуць!

У фільме таксама выкарыстаныя рэдкія архіўныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі і сямейнага архіва выканаўцы.

"Анатоль Іванавіч вельмі трапятліва збіраў усе запісы, многія з якіх захаваліся толькі на міліметровых стужках, але і іх удалося аднавіць. Ён вельмі дапамог у стварэнні фільма, падзяліўшыся рэдкімі матэрыяламі", - расказаў аўтар фільма "Анатолю Ярмоленку!", журналіст АТН Міхась Равуцкі.

Анатолий Ярмоленко

У фільме Анатоль Ярмоленка пабывае ў розных гарадах і часавых адрэзках. У Шальчынінкаі ён успомніць, як збіраўся пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Літву напрыканцы 80-х. Толькі гледачы тэлеканала "Беларусь 1" даведаюцца, чаму ён хацеў гэта зрабіць і як застаўся жыць у Гомелі. Дарэчы, да 1991 года менавіта гэта перашкаджала сталічным журналістам даведацца, што за новая спадарожніца з'явілася ў лідара "Сяброў", значна маладзейшая за Анатоля Ярмоленку. Так памылкова называлі дачку артыста - папулярную спявачку Алесю.

Разам са здымачнай групай АТН Анатоль Іванавіч адправіўся ў бабруйскі радзільны дом, дзе на свет з'явіліся і дачка, і сын Святаслаў. Ярмоленка вернецца ў тыя часы, калі не змог з-за гастроляў прысутнічаць пры нараджэнні дзяцей.

Разам з артыстам журналісты пабываюць і ў Маскве, дзе ў свой час настаялі на змене яго іміджу. Анатоль Іванавіч падзеліцца сакрэтам, у якім фільме падгледзіў свой сцэнічны вобраз, і як ансамбль "Сябры" запрашалі на здымкі самых галоўных музычных тэлевізійных праграм СССР.

Сёння ён выступае на сцэне разам з дзецьмі і ўнукамі. Анатоль Ярмоленка застаўся ў Беларусі і стаў знакамітым на ўвесь Савецкі Саюз, яго песні вядомыя за мяжой, а на радзіме ён удастоены разнастайных узнагарод і прэмій.

На першай кнопцы гледачы не толькі акунуцца ва ўспаміны героя, але і пачуюць прэм'еру песні ансамбля "Сябры", над якой артыст зараз працуе.

Фільм "Анатолю Ярмоленку!" можна будзе ўбачыць на "Беларусь 1" 15 лістапада адразу пасля "Панарамы".