Анлайн-акцыя міжнароднага радыё "Беларусь" аб'ядноўвае беларусаў замежжа

14.05.2018

Прэс-рэліз

У Год малой радзімы радыё "Беларусь" працягвае аб'ядноўваць беларусаў замежжа ў рамках Міжнароднай інтэрактыўнай акцыі "Гукае ласкай родны край!". Анлайн-прывітанні сваёй малой радзіме прысылаюць слухачы, якія маюць беларускія карані, з многіх краін свету: Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Грузіі, Італіі, Грэцыі, Кітая, Кубы, Аўстраліі і ЗША.

Сваіх землякоў нядаўна павіталі беларусы Італіі, якія ў Неапалі сфарміравалі спецыяльнае аб'яднанне і стварылі пры ім музычны калектыў "Спадчына". Яны спяваюць беларускія песні, займаюцца танцамі, гатуюць нашы традыцыйныя стравы, захоўваюць родную мову, традыцыі, абрады і дзеляцца гэтым з італьянцамі, якія ўпершыню пачулі пра нашу краіну і захацелі пабываць у ёй.

Прывітанне з Украіны праз міжнароднае радыё "Беларусь" перадало Нікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў "Голас Радзімы": "На сваіх мерапрыемствах мы ствараем маленькі куток роднага краю. Мы вельмі любім сваю Радзіму, беларускую культуру, мову, з вялікай любоўю успамінаем беларускую прыроду, чысціню гарадоў і сёл. З задавальненнем распавядаем усім пра цудоўную, прыгожую, міралюбную краіну ў цэнтры Еўропы - Рэспубліку Беларусь".

Анлайн-прывітанне таксама прыйшло ад беларускага аб'яднання ў Швейцарыі і яго віцэ-прэзідэнта Алеся Сапегі. Дзякуючы намаганням нашых землякоў сёлета ў Мінск была перавезена урна з прахам княгіні Марыі Магдалены Радзівіл. Нядаўнім праектам беларусаў Швейцарыі было таксама адкрыццё ў горадзе Залатурн помніка Тадэвушу Касцюшку. На мануменце надпісы на беларускай і нямецкай мовах.

Нагадаем, акцыя "Гукае ласкай родны край!" накіравана на актывізацыю сувязяў беларусаў замежжа з гістарычнай радзімай. Перадаць анлайн-прывітанне могуць усе, хто мае беларускія карані. Гэта можна зрабіць у любым пункце зямнога шара, зайшоўшы на афіцыйны сайт міжнароднага радыё "Беларусь" radiobelarus.by і запоўніўшы спецыяльную форму. Таксама фота- і відэаматэрыялы, лісты або ўспаміны можна адправіць на электронны адрас hellobelarus@gmail.com.

Усе анлайн-прывітанні размяшчаюцца на сайце міжнароднага радыё, а самыя актыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі акцыі "Гукае ласкай родны край!" атрымаюць памятныя прызы.

Для прыцягнення ўвагі да акцыі радыё "Беларусь" выкарыстоўвае інфармацыйныя рэсурсы на дзевяці мовах: афіцыйны сайт, спадарожнікавае і FМ-вяшчанне, старонкі канала ў сацыяльных сетках Facebook і WeChat. Для наладжвання цесных кантактаў з беларускімі дыяспарамі за мяжой таксама задзейнічаны рэсурсы Міністэрства замежных спраў Беларусі.