Амбіцыйныя планы Белтэлерадыёкампаніі

21.12.2016
Белтэлерадыёкампанія стварае амбіцыйныя планы на наступны год. Тры грандыёзныя праекты прапануе ўжо ў першай палове 2017 года тэлеканал "Беларусь 1".

Інфармацыйнае паведамленне

Белтэлерадыёкампанія стварае амбіцыйныя планы на наступны год. Тры грандыёзныя праекты прапануе ўжо ў першай палове 2017 года тэлеканал "Беларусь 1". У адпаведнасці з чаканнямі тэлегледачоў і самымі крэатыўнымі павевамі тэлевізійнай моды абновіцца сетка вяшчання тэлеканалаў "Беларусь 2", "Беларусь 5" і "Беларусь 24". Новыя праекты ўласнай вытворчасці з'явяцца ў эфіры "Беларусь 3".


logo_b1.jpgТэлеканал "Беларусь 1" па-ранейшаму пазіцыянуе сябе як галоўны інфармацыйны канал краіны. Асноўнай задачай для першай кнопкі з'яўляецца дакладнае, аператыўнае і аб'ектыўнае інфармаванне гледачоў пра асноўныя падзеі ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны і свету. Лінейку топавых цыклавых праграм АТН, сярод якіх "Галоўны эфір", "Клуб рэдактараў", "Буйным планам", "Форум", папоўніць новы суботні інфармацыйна-забаўны праект.

Да іміджавых праектаў кампаніі, такіх як дзіцячы і дарослы конкурсы песні "Еўрабачанне", адкрыты публічны конкурс "Трыумф. Героям спорту", Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", ужо ў лютым далучыцца шырокамаштабная віктарына для юных эрудытаў "Я ведаю!".

Новы слоган тэлеканала: "Беларусь 1" - такі!"


logo_b24.jpgУсё лепшае, што робіць Белтэлерадыёкампанія, змогуць убачыць гледачы ў іншых краінах дзякуючы каналу "Беларусь 24". Яго сігнал даступны з трох спадарожнікаў, што дазваляе кабельным аператарам на трох кантынентах актыўна ўключаць міжнародны тэлеканал медыяхолдынга ў свае пакеты. Асаблівы акцэнт у 2017 будзе зроблены на максімальнае прыцягненне новых гледачоў і пашырэнне інтэрнэт-аўдыторыі.

"Беларусь 24" - мы робім Беларусь бліжэйшай!"


logo_b2.jpg"Беларусь 2" абяцае стаць лепшым сямейна-забаўным каналам, які прапагандуе сямейныя каштоўнасці для моладзі. У эфіры будуць пазнавальныя праграмы, папулярныя кінафільмы і самыя рэйтынгавыя рэаліці-шоу, напрыклад, другі сезон гучнага праекта "Панаехалі!", які выйдзе ўжо ў першым квартале 2017 года.

"Беларусь 2" - ідэальная пара!"


belarus_3.jpgТворчая каманда сацыякультурнага канала "Беларусь 3", у склад якой уваходзяць і прафесіяналы ў розных відах мастацтва, абяцае трымаць тэлегледачоў у курсе ўсіх культурных падзей у краіне і свеце.

"Беларусь 3" - тэлеканал сапраўдных каштоўнасцей!"

 

belarus5.jpgУ эфір "Беларусь 5" выйдуць доўгачаканы рэаліці-праект "Накаўт-раўнд" і спартыўнае ток-шоу, а балельшчыкаў па-ранейшаму будуць радаваць эксклюзіўныя трансляцыі спаборніцтваў, у якіх беларусы абараняюць гонар краіны на сусветнай арэне.

"Беларусь 5" - усе грані спорту!"


Для рэалізацыі гэтых новых грандыёзных планаў кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі правяло беспрэцэдэнтныя ў гісторыі медыяхолдынга кадравыя прызначэнні.

Генеральным прадзюсарам Генеральнага прадзюсарскага цэнтра медыяхолдынга прызначаны Глеб Шульман, які раней паспяхова ўзначальваў тэлеканал "Беларусь 1".

Яго намеснікам стала Вольга Шлягер, лепшы прадзюсар буйных топавых праектаў медыяхолдынга.

Тэлеканал "Беларусь 1" узначаліла Алена Ладуцька, якая раней кіравала тэлеканалам "Беларусь 24", а да гэтага з'яўлялася адным з топ-менеджараў Агенцтва тэленавін.

У сваю чаргу, кіраўніком канала "Беларусь 24" стаў Аляксандр Мартыненка, які ў свой час узначальваў АТН і быў намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі.

Дырэктарам канала "Беларусь 2" прызначаная Алена Абразцова, якая працавала раней выканаўчым прадзюсарам на "Беларусь 1".

Наталля Марынава, якая ўзначальвала "Беларусь 2", зараз з'яўляецца кіраўніком тэлеканала "Беларусь 3".

Мы ўпэўненыя, што новыя асобы і новыя праекты дазволяць у поўнай меры рэалізаваць амбіцыйныя планы медыяхолдынга, пашырыць нашу тэлеаўдыторыю і ўмацаваць пазіцыі Белтэлерадыёкампаніі на медыярынку краіны.