Інфармацыйнае паведамленне
Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".
Так, 31 сакавіка афіцыйны прадстаўнік Беларусі ALEKSEEV дасць вялікі сольны канцэрт у Маскве, на якім прагучыць яго конкурсная кампазіцыя "Forever".
6 красавіка ALEKSEEV і здымачная група Белтэлерадыёкампаніі адправяцца ў проматур у Эстонію, дзе таксама наш канкурсант выступіць з сольным канцэртам.
7 красавіка беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у pre-party "Еўрабачання" ў Літве.
10 красавіка пройдзе традыцыйная вечарынка на парозе конкурсу ў Ізраілі, дзе ў рамках промамерапрыемстваў будзе выканана песня "Forever". Вечарынка ў Тэль-Авіве сёлета пройдзе трэці раз.
Дарэчы, канкурсанты з Беларусі, Эстоніі, Літвы і Ізраіля выступаюць у адным паўфінале 8 мая, і гэтыя вечарынкі паслужаць своеасаблівай узаемападтрымкай прадстаўнікам гэтых краін.
14 красавіка ALEKSEEV і здымачная група Агенцтва тэленавін возьмуць удзел у традыцыйным Eurovision In Concert у Амстэрдаме.
Буйное еўрапейскае промамерапрыемства ў Нідэрландах пройдзе юбілейны, дзясяты раз. У сталіцы Галандыі сустрэнуцца практычна ўсе ўдзельнікі маючага адбыцца песеннага шоу, і "Forever" будзе прэзентаваная яшчэ больш шырокай еўравізійнай тусоўцы.
Нагадаем, вечарынка ў Амстэрдаме лічыцца самай вялікай промападзеяй перад "Еўрабачаннем". Афіцыйныя прадстаўнікі краін-удзельніц змогуць пазнаёміцца, выканаць свае конкурсныя кампазіцыі, пагутарыць з журналістамі, якія актыўна асвятляюць папулярны песенны форум, і, вядома ж, сустрэцца з самымі адданымі фанатамі "Еўрабачання" з усёй Еўропы.
21 красавіка прадстаўнік Беларусі ўпершыню возьме ўдзел у pre-party "Еўрабачання" ў Мадрыдзе.
Фінал Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" адбудзецца ў Лісабоне 12 мая, паўфіналы - 8 і 10 мая. ALEKSEEV выступіць у першай частцы першага паўфіналу.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы медыяхолдынга - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24".












