Акцыя “Гукае ласкай родны край!” у эфіры міжнароднага радыё “Беларусь”

31.08.2017
1 верасня міжнароднае радыё “Беларусь” аб’яўляе старт новай акцыі пад назвай “Гукае ласкай родны край!“. Праект прызваны актывізаваць камунікацыю з беларусамі замежжа, павысіць іх цікавасць да роднай краіны і нагадаць пра гістарычныя карані, падкрэсліць ролю беларускіх дыяспар.

Прэс-рэліз

1 верасня міжнароднае радыё “Беларусь” аб’яўляе старт новай акцыі пад назвай “Гукае ласкай родны край!“. Праект прызваны актывізаваць камунікацыю з беларусамі замежжа, павысіць іх цікавасць да роднай краіны і нагадаць пра гістарычныя карані, падкрэсліць ролю беларускіх дыяспар. Кожны беларус за мяжой зможа даслаць землякам прывітанне ў выглядзе відэазвароту ці фотаздымка з прымацаваным лістом, а самых актыўных удзельнікаў акцыі чакаюць прыемныя падарункі.

Паводле апошніх звестак, у розных кутках планеты пражывае каля трох мільёнаў нашых суайчыннікаў і іх нашчадкаў у другім і трэцім пакаленні. Сярод сусветна вядомых знакамітасцей розных часоў таксама нямала ўраджэнцаў Беларусі: палітычныя дзеячы Ізраіля Хаім Вейцман і Шымон Перэс, даследчык і нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, мастак Марк Шагал, а таксама многія вядомыя галівудскія зоркі.

“У кожнага ёсць родны куток, да якога, паводле слоў нашага славутага земляка Францыска Скарыны, мы ўсе “вялікую ласку маем”. Гэта месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі, дзе жывуць нашы блізкія і родныя. І нават калі жыццёвая дарога прывяла далёка за межы гістарычнай радзімы, наша радыё дасць магчымасць суайчыннікам не губляць сувязь з роднымі мясцінамі і адправіць вестачку сваёй малой радзіме, родзічам, сябрам, землякам”, - падкрэсліў галоўны дырэктар міжнароднага радыё “Беларусь” Навум Гальпяровіч.

Слухачы радыё “Беларусь” з беларускімі каранямі з розных краін свету змогуць перадаць анлайн-прывітанне сваёй малой радзіме, адаслаўшы яго на электронны адрас hellobelarus@gmail.com. Гэта можа быць здымак з месца, дзе чалавек жыве зараз, або фота з сямейнага архіва, з дзецьмі і ўнукамі, з бацькамі, з сябрамі. Перадаць прывітанне роднай Беларусі можна ў выглядзе сэлфі або відэа, а да матэрыялаў далучыць лісты ці ўспаміны. Усе анлайн-прывітанні будуць змешчаны на афіцыйным сайце міжнароднага радыё “Беларусь”. Самых актыўных і крэатыўных удзельнікаў акцыі чакаюць прызы.

Для прыцягнення ўвагі да акцыі будуць выкарыстаны інфармацыйныя рэсурсы радыё “Беларусь” на васьмі мовах: афіцыйны сайт radiobelarus.by, спадарожнікавае і FМ-вяшчанне, старонкі радыёканала ў сацыяльных сетках Facebook і WeChat (кітайскамоўны сегмент Інтэрнэту). Для ўстанаўлення шчыльных кантактаў з беларускімі дыяспарамі за мяжой будуць задзейнічаныя рэсурсы ўпраўлення інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.