Прэс-рэліз
9 лістапада ў малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі адзначыць сваё 85-годдзе. Апроч гэтага, мерапрыемства стане вечарам памяці Віктара Роўды, які на працягу доўгіх гадоў з'яўляўся мастацкім кіраўніком заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.
Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі быў утвораны ў 1931 годзе. За час свайго існавання састаў запісаў вялікую колькасць музычных аўдыяматэрыялаў розных стыляў і жанраў - ад апрацовак невялікіх народных песень да твораў буйной формы. Нязменным мастацкім кіраўніком калектыву і галоўным дырыжорам хору з 1965 па 2007 год з'яўляўся народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Віктар Роўда.
"Усю сваю творчую энергію, веды, а таксама досвед ён накіроўваў на тое, каб хор стаў высокапрафесійным калектывам, атрымаў прызнанне і вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны. Так, пад кіраваннем маэстра калектыў дэманстраваў сваё выканальніцкае майстэрства ў Расіі, Славеніі, Германіі, Польшчы, Італіі, Ватыкане, удзельнічаў у розных нацыянальных фэстах і конкурсах", - адзначаюць сёння яго вучні.
Аб высокім прафесійным узроўні калектыву сведчаць шматлікія ўзнагароды, прызы і дыпломы. У жніўні 1990 года за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору было прысвоена ганаровае званне "Акадэмічны", а ў 2001 - званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".
Зараз хорам кіруе выхаванец беларускай школы харавога дырыжавання, малады таленавіты кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Андрэй Саўрыцкі. Калектыў паспяхова выступае з сольнымі канцэртамі, прымае ўдзел у міжнародных фэстах, розных канцэртных праграмах і здзяйсняе аўдыязапісы.
Юбілейныя даты - 95-годдзе з дня нараджэння Віктара Роўды і 85-годдзе калектыву - Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі адзначыць вялікім святочным канцэртам, які адбудзецца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі 9 лістапада.
У праграме вечара: Георгій Свірыдаў, Сяргей Рахманінаў, Анатоль Багатыроў, Уладзімір Алоўнікаў, Андрэй Мдзівані і Алег Молчан.
Таксама ўвазе гасцей вечара ў выкананні Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі будуць прапанаваныя папулярныя мелодыі XX стагоддзя ў апрацоўках расійскіх, беларускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў.
Пачатак канцэрта - у 19:00.













