Агенцтва тэленавін упершыню пакажа сцэну дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018"

31.08.2018

Прэс-рэліз

Сёння ў "Панараме" журналісты АТН раскажуць пра тое, як наша краіна рыхтуецца да міжнароднага музычнага форуму. Гледачы тэлеканала "Беларусь 1" змогуць першымі ўбачыць эксклюзіўныя кадры дызайну сцэны дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", а таксама бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі творчай каманды медыяхолдынга, якая займаецца падрыхтоўкай шоу.

Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі 25 лістапада. Мантаж галоўнай сцэны таксама пачнецца ў лістападзе, але ўжо сёння Белтэлерадыёкампанія гатова паказаць праект дызайну сцэны, якая ператворыць спартыўны комплекс "Мінск-Арэна" ў сонечную сістэму дзіцячага "Еўрабачання".

Акрамя таго, творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі раскрые стратэгію падрыхтоўкі да конкурсу і прадэманструе іміджавыя праекты. Рэжысёры, прадзюсары, дызайнеры, аператары і іншыя беларускія спецыялісты, задзейнічаныя ў шоу, раскажуць і пакажуць, якім будзе музычны форум у Мінску. Карэспандэнты АТН даведаліся, як лагатып конкурсу стаў душой усяго праекта, а слоган паслужыў асновай гімна дзіцячага "Еўрабачання-2018".

Нагадаем, што сёння вечарам стане вядомае імя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на міжнародным музычным форуме. Пераможца нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" вызначыцца падчас фінальнага шоу ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by, якая пачнецца ў 22:00.

Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).