Інфармацыйнае паведамленне
Афіцыйная беларуская дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, група NaviBand і іх творчая каманда, 1 мая адправіцца ў Кіеў на Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017". Беларусь прымае ўдзел у самым папулярным песенным шоу Еўропы 14-ы раз. Афіцыйны прадстаўнік нашай краіны - група NaviBand - з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" выступіць пад нумарам чатырнаццаць у другім паўфінале 11 мая.
Нагадаем, конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ва Украіне з 9 па 13 мая.
Беларуская каманда сёлета складаецца з 23 чалавек. У яе складзе - намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 1", каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза Вольга Саламаха (кіраўнік дэлегацыі), намеснік генеральнага прадзюсара генеральнага прадзюсарскага цэнтра Белтэлерадыёкампаніі Вольга Шлягер (кіраўнік праекта "Еўрабачанне" ў Беларусі"), вакальны прадзюсар Вольга Драздова, урач-фаніятр Ігар Аднакозаў, PR-менеджар Сяргей Андрыянаў, здымачныя групы Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі і "Дзённікаў "Еўрабачання" і інш. На сцэне ў Кіеве NaviBand будуць дапамагаць бэк-вакалісты Міхаіл Сасуноў і група "Беатрыс", у яе складзе Вольга Разалеон-Сашальская, Ганна Чот і Алёна Вярбіцкая.
Сёлета на конкурс ужо акрэдытавана 1500 прадстаўнікоў СМІ. Усяго прэс-цэнтр "Еўрабачання" чакае каля 2000 журналістаў з Украіны і іншых краін свету, для якіх з 30 красавіка да 3 мая будуць арганізаваныя сустрэчы з артыстамі, а з 4 па 13 мая - прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі 42 краін-удзельніц. Паглядзець конкурс у Кіеў прыбудуць каля 20 000 замежных турыстаў, таму працаваць на песенным форуме будуць каля 900 валанцёраў. Трансляцыю конкурсу змогуць убачыць больш за 200 мільёнаў гледачоў з усёй Еўропы і іншых краін свету.
У Кіеў наша дэлегацыя вязе з сабою промапрадукцыю: значкі і стужачкі з беларускім арнаментам, прэзентацыйныя буклеты і плакаты.
У групы NaviBand, як і ў астатніх удзельнікаў, запланавана некалькі індывідуальных рэпетыцый у Кіеве, першая з іх адбудзецца 3 мая. Другая рэпетыцыя і індывідуальная прэс-канферэнцыя прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні" запланаваныя на 6 мая.
7 мая ў кангрэсна-выставачным цэнтры "Паркавы" ў Кіеве адбудзецца афіцыйнае адкрыццё еўратыдня, у якім прыме ўдзел і афіцыйная дэлегацыя нашай краіны. Чырвоная дарожка конкурсу размесціцца ў гэты ж дзень на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца. А ўжо 9 мая ва Украіне пройдзе першы паўфінал конкурсу.
Група NaviBand з кампазіцыяй "Гісторыя майго жыцця" выступіць 11 мая ў другім паўфінале пад нумарам 14.
Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі - "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі tvr.by.
Даведвацца пра найважнейшыя і цікавыя падзеі, якія адбываюцца з групай NaviBand і іх камандай падчас конкурсных тыдняў, можна будзе з сюжэтаў Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!", "Дзённікаў "Еўрабачання". Акрамя таго, на сайце tvr.by будзе размяшчацца анлайн-дзённік групы NaviBand з Кіева.












