Інфармацыйнае паведамленне
Пытанні ўзаемадзеяння міжнароднага радыё "Беларусь" Белтэлерадыёкампаніі з Вяшчальным цэнтрам Ойскірхен ("Радыё 700", ФРГ) і перспектывы інтэнсіфікацыі іх далейшага супрацоўніцтва былі абмеркаваныя на рабочай сустрэчы кіраўнікоў дзвюх станцый у Мінску.
"Развіццё кантактаў з замежнымі партнёрамі па рэтрансляцыі праграм радыё "Беларусь" з'яўляецца адным з важных кампанентаў нашай вяшчальнай палітыкі, - адзначыў на сустрэчы галоўны дырэктар радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч. - Гэта дазваляе істотна пашырыць аўдыторыю, даносіць замежным слухачам аператыўную і праўдзівую інфармацыю аб Беларусі ў высокай тэхнічнай якасці".
У сваю чаргу, дырэктар "Радыё 700" Крысціян Мілінг адзначыў высокую запатрабаванасць праграм радыё "Беларусь" у замежнай аўдыторыі і выказаў намер працягваць плённае супрацоўніцтва. "Слухачы ў Заходняй Еўропе павінны больш ведаць пра вашу цудоўную краіну, яе культуру, гісторыю і сённяшні дзень", - падкрэсліў дырэктар нямецкай радыёстанцыі.
Дарэчы, беларускі і нямецкі вяшчальнікі супрацоўнічаюць з 2009 года. "Радыё 700" рэтранслюе праграмы радыё "Беларусь" на нямецкай мове на тэрыторыі Заходняй Германіі, Францыі і краін Бенілюкс па 2 гадзіны штодня. У перспектыве разглядаецца пытанне дадаць у пакет рэтрансляцыі праграм радыё "Беларусь" на англійскай, французскай і іспанскай мовах.
Інфармацыйна: міжнароднае радыё "Беларусь" існуе з 1962 года. Агульны штодзённы аб'ём арыгінальнага вяшчання складае 26 гадзін на васьмі мовах. Праграмы асвятляюць палітычнае, эканамічнае і сацыякультурнае жыццё Беларусі.













