Інфармацыйнае паведамленне
У творчай скарбонцы Белтэлерадыёкампаніі - чарговая заслужаная ўзнагарода: аўтар і вядучая праекта "Жанчыны і спорт" Ганна Эйсмант узнагароджана дыпломам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). "Жанчыны і спорт" - гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, які не мае аналагаў у свеце.
Цыкл тэлевізійных фільмаў "Жанчыны і спорт" у эфіры тэлеканала "Беларусь 5" паказаў гісторыі поспеху знакамітых беларускіх спартсменак. Кожная серыя ўяўляла сабою аповед пра жыццё і спартыўную кар'еру адной спартсменкі. На 26 хвілін глядач мог акунуцца ва ўспаміны аб самых яркіх дасягненнях гераіні. Праект прыадкрыў закуліссе асабістага жыцця спартсменак і іх найбліжэйшага асяроддзя.
Пачынаючы з мая 2016 года, гераінямі праекта "Жанчыны і спорт" сталі знакамітая баскетбалістка Алена Леўчанка, вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта, чэмпіёнка свету ў бегу на 800 метраў Марына Арзамасава, двухразовая алімпійская віцэ-чэмпіёнка ў плаванні Аляксандра Герасіменя, чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў у лыжных гонках Людміла Валчок і іншыя знакамітыя спартсменкі Беларусі. Праект "Жанчыны і спорт" паказаў зорак свету спорту як звычайных людзей, са сваімі радасцямі і нягодамі, перажываннямі, узлётамі і падзеннямі, марамі і мэтамі.
"Міжнародны алімпійскі камітэт выступае за роўнасць спартсменаў, у прыватнасці, за роўнасць полаў у спорце. І вельмі прыемна, што на такім высокім узроўні была адзначана наша праца. Мы паказалі гледачам партрэты спартсменак. Гэта аповеды ад першай асобы пра спартыўны лёс гераіні, а таксама каментарыі людзей, якія адыгралі ў ім не апошнюю ролю: бацькі, трэнеры, родныя і блізкія", - распавяла аўтар і вядучая праекта "Жанчыны і спорт" Ганна Эйсмант.
Нагадаем, раней дакументальныя фільмы Ганны Эйсмант ужо былі адзначаныя высокімі ўзнагародамі. Так, стужка "Салей, якога мы не ведалі" была ўзнагароджана на міжнародным фестывалі спартыўных фільмаў у намінацыі "Спорт і асоба", а таксама адзначана прызам Беларускай асацыяцыі спартыўнай прэсы.












