Інфармацыйнае паведамленне
6 жніўня ў эфір тэлеканала "Беларусь 1" з творчага летняга водпуску вяртаецца папулярная народная праграма "Беларусское времечко".
Як і раней, галоўным прызначэннем праекта застанецца дапамога гледачам у вырашэнні складаных сітуацый, разбор вострых тэм і пошук ісціны ў спрэчных момантах. Творчая каманда праграмы прадоўжыць прыцягваць да ўдзелу ў праекце прафесіяналаў з розных галін, якія змогуць даць тэлегледачам дэталёвы і разгорнуты адказ на самыя надзённыя пытанні. Напрыклад, адвакат Галіна Камароўская і яе калега Максім Церашкоў падкажуць беларусам, як дасягнуць мірнага пагаднення ў пытаннях спадчыны, кампрамісу ў зямельным бязладдзі і нават гармоніі ў сям'і.
"Беларусское времечко" - праект інтэрактыўны. Гледачы могуць патэлефанаваць у рэдакцыю па нумары 389-60-73 або датэлефанавацца ў студыю падчас прамога эфіру па нумары 280-89-15. На сайце www.tvr.by на старонцы праекта можна атрымаць дапамогу кваліфікаванага юрыста, пакінуць сваё пытанне або распавесці аб праблеме. Таксама ў праграмы ёсць афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках.
Дарэчы, адпускной парой "Времечка" скарысталіся і яго вядучыя. Напрыклад, Алена Спірыдовіч выбралася на дачу, бліжэй да прыроды, каб набрацца сіл і энергіі перад стартам новага тэлевізійнага сезона, Алег Ціткоў пакараў горы ў Карпатах, а Уладзімір Богдан сумясціў водпуск са здымкамі новых серый праекта "Я хачу гэта ўбачыць!", наматаўшы на сваім байку сотні кіламетраў па самых прыгожых кутках Беларусі.
"Беларусское времечко" будзе выходзіць у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" у звыклы для гледачоў час - з панядзелка па чацверг у 17:00.













