Інфармацыйнае паведамленне
4 мая тэлеканалы медыяхолдынга пачнуць трансляцыю галоўнага лядовага турніру года і пакажуць першыя матчы чэмпіянату свету па хакеі, а "Беларусь 5" прапануе балельшчыкам ранішнія і вячэрнія выпускі дзённікаў першынства з падрабязным разборам палётаў.
У пятніцу ў Даніі стартуе 82-і чэмпіянат свету па хакеі. Турнір адкрыецца матчамі Расія - Францыя і Канада - ЗША. Тэлеканал "Беларусь 5" у 17:10 пачне трансляцыю паядынку з удзелам зборнай Расіі. Заакіянскае дэрбі паралельным курсам у рэжыме рэальнага часу пакажа "Беларусь 2".
У першы турнірны дзень зборная Беларусі сустрэнецца з дзеючымі чэмпіёнамі свету - камандай Швецыі. У 21:10 "Беларусь 1" пакажа ў прамым эфіры супрацьстаянне беларусаў і шведаў, а ў гэты ж час на "Беларусь 5" будзе трансліравацца матч Германія - Данія.
Як адзначае галоўны дырэктар тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі, гэты чэмпіянат свету па хакеі Белтэлерадыёкампанія прапануе ў поўным аб'ёме. Усе гульні з удзелам зборнай Беларусі, а таксама фінал чэмпіянату пакажа "Беларусь 1". Тэлеканалы "Беларусь 2" і "Беларусь 5" будуць весці прамыя трансляцыі гульняў групавога раўнда, а таксама матчаў плэй-оф.
Нагадаем, падчас сусветнага хакейнага форуму ў эфіры спартыўнага тэлеканала штодня раніцай і вечарам будуць выходзіць дзённікі чэмпіянату. "У Даніі працуе здымачная група "Беларусь 5", таму самыя свежыя каментарыі, цікавыя сюжэты і аператыўная інфармацыя будуць даступныя гледачам нашага тэлеканала", - распавёў Павел Булацкі.
Хварэем за зборную Беларусі разам з Белтэлерадыёкампаніяй!












