3 жніўня творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі пачне здымкі візітовак для кожнага з 10 фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018".

27.07.2018

Сёлета галоўная тэма візітовак напроста звязаная з афіцыйным слоганам міжнароднага форуму - "#LIGHTUP" ("#ЗАПАЛЬВАЙ"). З кожным з канкурсантаў у відэароліку здарыцца дзіўная гісторыя, фіналам якой стане з'яўленне маляўнічага і яркага канфеці як сімвала свята і сапраўднай казкі.

"Плануецца, што здымкі будуць праходзіць на працягу тыдня на самых разнастайных, маляўнічых і сучасных лакацыях: ад школьнага стадыёна да галоўных прагулачных вуліц Мінска - Кастрычніцкай і Зыбіцкай. Пляцоўка для кожнага з фіналістаў падбіралася індывідуальна ў залежнасці ад характэрных асаблівасцяў выканаўца або групы", - распавяла рэжысёр візітовак Яна Шаблыка.

Працягласць усіх візітовак - 40 секунд. Менавіта столькі часу неабходна на змену дэкарацый і падрыхтоўку наступнага нумара. Ролікі будуць папярэднічаць выступленню юных артыстаў падчас фінальнага шоу, якое пройдзе ў форме гала-канцэрта 31 жніўня ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама ў анлайн-трансляцыі на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by

Нагадаем, паводле праведзенай жараб'ёўкі, у фінале канкурсанты выступяць у наступным парадку: група "Мята", Даніэль Алекс Ястрэмскі, LIZAМЕЯ, Арцём Скароль, Ангеліна Ярашчук, вакальная група Мonkey Tops, Марыя Жыліна, Яраслаў Саколікаў, Мікіта Бялько, Марыя Гулевіч.

Пераможца нацыянальнага адборачнага тура, які набярэ найбольшую колькасць галасоў ад прафесійнага журы і гледачоў, прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" 25 лістапада ў Мінску.

Усе правы, якія датычацца правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.