3-6 мая ў Мінску пройдзе ХХI Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі"

29.04.2017
3-6 мая ў Мінску пройдзе ХХI Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі", у якой па традыцыі возьме ўдзел і Белтэлерадыёкампанія.

Інфармацыйнае паведамленне

3-6 мая ў Мінску пройдзе ХХI Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі", у якой па традыцыі возьме ўдзел і Белтэлерадыёкампанія. На стэндзе галоўнага медыяхолдынга краіны варта чакаць займальных прэзентацый папулярных праектаў, падрыхтаваных тэле- і радыёканаламі, якія ўваходзяць у структуру кампаніі, а ў здымках некаторых з іх наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць проста на выставе.

У першы дзень працы форуму прэзентацыю галоўнага медыяхолдынга краіны пачнуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Увазе наведвальнікаў выставы будуць прапанаваныя афішы лепшых праектаў галоўнага канала краіны, з якімі сёння могуць пазнаёміцца таксама гледачы ў 100 краінах свету на чатырох кантынентах дзякуючы міжнароднаму спадарожнікаваму тэлеканалу "Беларусь 24".

4 мая прыме эстафету рэгіянальны канал "Беларусь 4". Тэлежурналісты з Брэста, Віцебска, Магілёва, Гродна і Гомеля падрыхтавалі прэзентацыі аб сваёй шматграннай дзейнасці і гатовыя распавесці пра новыя праекты, якія ўжо вядомыя тэлеаўдыторыі ва ўсіх абласцях.

5 мая гасцей форуму чакае візуальнае знаёмства з каналамі Беларускага радыё. Прэзентацыйныя ролікі Першага нацыянальнага канала, канала "Культура", радыёстанцыі "Радыус FM", міжнароднага радыё "Беларусь" і радыё "Сталіца" распавядуць наведвальнікам выставы аб працы ў студыях, аб тым, як робіцца радыёэфір і ствараюцца радыёпраграмы.

6 мая тэлеканалы "Беларусь 2", "Беларусь 3" і "Беларусь 5" прапануюць увазе наведвальнікаў выставы іміджавыя ролікі, у якіх будуць паказаныя фрагменты ўпадабаных гледачамі праектаў.

Адным з такіх праектаў на канале "Беларусь 2" з'яўляецца праграма "Два рублі", у якой двайняты Рустам і Равіль Насыравы прапаноўваюць выпадковым прахожым выявіць эрудыцыю і стаць крыху багацейшымі. Падчас форуму ў выставачным павільёне пройдуць здымкі гэтага выдатнага праекта. Тэлеканал "Беларусь 2" запрашае на выставу "СМІ ў Беларусі" ўсіх ахвочых, і некаторым шчасліўчыкам выпадзе шанец паўдзельнічаць у праекце "Два рублі", дзе ім трэба будзе адказаць на пытанні аб праектах медыяхолдынга.

Белтэлерадыёкампанія запрашае наведвальнікаў выставы "СМІ ў Беларусі" з 3 па 6 мая падрабязна азнаёміцца са стэндам медыяхолдынга. Таксама госці форуму змогуць задаць усе пытанні, якія іх цікавяць, прадстаўнікам кампаніі і атрымаць кампетэнтныя адказы.