Інфармацыйнае паведамленне
27 жніўня ў "Галоўным эфіры" - эксклюзіўнае інтэрв'ю Андрэя Макарэвіча і не толькі.
27 жніўня тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі традыцыйна парадуюць эксклюзівам гледачоў штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы "Галоўны эфір". Журналісты АТН даведаліся, як прынялі маленькіх гасцей з Сірыі дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры Беларусі, пабывалі ў ЗША і разабраліся - адукацыя якой краіны больш надзейная і эфектыўная. Вядучыя "Галоўнага эфіру" пагутараць з пераможцай нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Апроч гэтага, у новым выпуску праекта - эксклюзіўнае інтэрв'ю з салістам групы "Машына часу" Андрэем Макарэвічам.
Напярэдадні пачатку новага навучальнага года ў Мінску з 23 па 24 жніўня прайшоў Рэспубліканскі педагагічны савет. Здымачная каманда АТН не толькі даведалася аб болевых месцах беларускай сістэмы адукацыі, але і сабрала самы шырокі спектр меркаванняў спецыялістаў. Журналісты "Галоўнага эфіру" таксама адправіліся ў ЗША ў госці да сем'яў шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы і зоркі сусветнага тэніса Максіма Мірнага, каб параўнаць, дзе вучыцца лепш.
З 14 па 28 жніўня на аздараўленне ў Беларусь прыляцелі 80 дзяцей з Сірыі. Сярод іх - дзеці, якіх з роднымі ўтрымлівалі ў палоне, сіроты і тыя, у каго вайна забрала аднаго з бацькоў. Карэспандэнты АТН распавядуць пра цёплы прыём дзяцей і пра ўражанні, якія павязуць з сабою на радзіму сірыйскія дзеці.
Сёлета групе "Машына часу" спаўняецца 48 гадоў. Канцэрт знакамітага калектыву з новай праграмай "Светам кіруе любоў" адбудзецца ў Мінску ў верасні. У эксклюзіўным інтэрв'ю з Андрэем Макарэвічам здымачная каманда АТН даведаецца ў вынаходцы "Машыны часу", як адрозніць хлусню ад праўды і чаму легендарнаму музыканту няма справы да творчай інтэлігенцыі.
У нядзельным выпуску ў студыю "Галоўнага эфіру" прыйдзе пераможца нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Яна падзеліцца сваімі ўражаннямі, планамі, ідэямі і выканае песню, якую праспявае 26 лістапада ў Тбілісі (Грузія).
У нядзелю ў 21:00 у эфіры "Беларусь 1" вядучыя праекта, як заўсёды, будуць працаваць у месцах асноўных падзей палітычнага, эканамічнага і грамадскага жыцця ў краіне і за мяжой, а гледачы ўбачаць эксклюзіўныя інтэрв'ю самых вядомых людзей.













