20-ы дзень нараджэння радыё "Сталіца" адзначыць вялікім святочным эфірам

19.09.2018

Прэс-рэліз

21 верасня самай рокавай радыёстанцыі краіны спаўняецца 20 гадоў. У гэты дзень частата 105,1 FM загучыць бадзёрымі гітарнымі рыфамі і душэўнай лірыкай беларускіх рок-груп, а інтэрактыўны эфір парадуе слухачоў святочным афармленнем, морам падарункаў і сюрпрызаў, конкурсаў і прыемных сустрэч.

Злавіўшы ў пятніцу звыклую хвалю рок-музыкі і найцікавейшага кантэнту, слухачы апынуцца ў гушчы падзей на святкаванні юбілейнага, дваццатага дня нараджэння, мабыць, самай гучнай радыёстанцыі краіны. На ўрачыстасць якаснага гуку, радасці і яркіх эмоцый запрошаныя ўсе!

У гэты дзень студыя Дома радыё ператворыцца ў канцэртную пляцоўку, на якой ужывую выступяць адразу тры калектывы: "Палац", The Superbullz і :B:N:. Атрымаць асалоду ад выступленняў каманд у прамым эфіры, а таксама паслухаць інтэрв'ю з іх удзельнікамі можна будзе ў рамках праграмы "Крок да рока" у 10:10, 14:10 і 16:30. Вядучая святочных канцэртаў - Марына Савіцкая.

Папулярныя народныя праграмы "Трое з настроем" у 07:00, "Ну і дзянёк" у 12:05 і "Сталічны навігатар" у 17:30 падрыхтавалі для слухачоў пазнавальныя віктарыны, вясёлыя гульні і, вядома, прыемныя прызы і падарункі.

На працягу ўсяго дня "Сталіцу" будуць віншаваць музыканты, партнёры і сябры. Радыёслухачы таксама змогуць далучыцца да віншаванняў, паўдзельнічаць у віктарынах або проста перадаць прывітанне блізкаму чалавеку, адправіўшы SMS на кароткі нумар 9705. Дарэчы, гэты нумар - адзіны для ўсіх інтэрактыўных конкурсаў і праграм, падрыхтаваных творчым калектывам станцыі.

На старонках "Сталіцы" ў сацсетках можна будзе пагутарыць з радыйшчыкамі, задаць свае пытанні і падрабязна азнаёміцца з праграмай юбілейнага эфіру.

Радыё "Сталіца" запрашае на сваё 20-годдзе ўсіх прыхільнікаў рок-музыкі, каб з раніцы да вечара разам "слухаць любімае"!