20 студзеня вырашыцца інтрыга нацыянальнага адборачнага тура конкурсу "Еўрабачанне-2017"

17.01.2017
20 студзеня ў прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24"  аб’явяць імя шчасліўчыка, які выступіць ад нашай краіны на "Еўрабачанні-2017".

Прэс-рэліз

Да фіналу нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" засталося зусім мала. Ужо ў гэтую пятніцу, 20 студзеня, у прамым эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1" і "Беларусь 24"  аб’явяць імя шчасліўчыка, які выступіць ад нашай краіны на прэстыжным музычным форуме ў маі ў Кіеве.

Тым часам медыяхолдынг працягвае рыхтавацца  да фінальнага гала-канцэрта. Сёння ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі пачалася праца па мантажы абсталявання і сцэны. Індывідуальныя рэпетыцыі фіналістаў у студыі пройдуць 19 студзеня. Генеральныя прагоны шоу ў рэжыме прамога эфіру адбудуцца ўвечар 19 і днём 20 студзеня, непасрэдна перад фіналам.

Нагадаем, на фінішную прамую галоўнай музычнай сутычкі краіны выйшлі 13 прэтэндэнтаў. Па выніках праведзенай жараб'ёўкі, канкурсанты выступяць у наступным парадку: 1. Іюль (Юлія Каранюк); 2. Аляксандра Ткач; 3. Уладзіслаў Курасаў; 4. Група NAVI; 5. ISAAK NIGHTINGALE; 6. KATTIE; 7. NUTEKI; 8. NAPOLI; 9. Мікіта Ходас; 10. Анжаліка Пушнова; 11. Анастасія Шавярэнка; 12. LERMONT x JULIC; 13. Група PROвакацыя.

Фінальнае шоу пачнецца ў 22:00 і будзе транслявацца са студыі "600 метраў" у прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24" і ў рэжыме анлайн  на сайце медыяхолдынга tvr.by. Прамую трансляцыю канцэрта таксама будзе весці радыёстанцыя кампаніі "Радыус FM".

Паводле слоў  арганізатараў, шоу абяцае стаць запамінальным і яркім. І тэлегледачоў, і гасцей  у студыі чакае шмат сюрпрызаў, пачынаючы  ад якасці "малюначка" да цікавых графічных рашэнняў, якія, несумненна, уразяць аўдыторыю.

Плануецца, што ў вялікім канцэрце, акрамя фіналістаў, прымуць удзел спецыяльныя госці, сярод якіх - Тэа, Юзары і IVAN, якія раней выступалі ад  нашай краіны на Міжнародным конкурсе "Еўрабачанне", а таксама самыя яркія канкурсанты цяперашняга  нацыянальнага адбору.

Вядучымі  гала-канцэрта стануць Вольга Рыжыкава  і Тэа.

Афіцыйны прадстаўнік нашай краіны для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве (Украіна) будзе вызначаны падчас трансляцыі фіналу галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы па класічнай формуле 50x50.

Дарэчы, на гэты раз чакаць вынікаў галасавання, хвалявацца і радавацца фіналісты разам з тэлевядучым Яўгенам Перліным будуць у спецыяльна адведзеным месцы - Green Room.

Пакуль жа канкурсанты працягваюць узмоцнена рыхтавацца да заліковага рыўка. Якія акцэнты прэтэндэнты расставілі ў сваіх нумарах, на што робяць стаўкі, у якіх вобразах  паўстануць перад публікай - усіх сакрэтаў фіналісты не раскрываюць, але абяцаюць здзівіць, уразіць і вырваць перамогу.

Арганізацыю нацыянальнага адборачнага тура і далейшую падрыхтоўку беларускага ўдзельніка да Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" ажыццяўляе  Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.