14 лістапада на сцэне дзіцячага "Еўрабачання-2018" пачнуцца рэпетыцыі са статыстамі

13.11.2018

Інфармацыйнае паведамленне

Сёння тэхнічная каманда Белтэлерадыёкампаніі завяршае на "Мінск-Арэне" мантаж сцэны дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", і ўжо заўтра, 14 лістапада, там пачнуцца рэпетыцыі са статыстамі.

Змест першых рэпетыцый конкурсу трымаецца арганізатарамі ў строгім сакрэце, бо яны дазволяць адпрацаваць канцэртныя нумары і падрыхтаваць асноўныя сюрпрызы галоўнага шоу. А іх сёлета будзе нямала, бо дзіцячае "Еўрабачанне" дазволіць удзельнікам выйсці ў адкрыты "космас".

Рэпетыцыі будуць уяўляць сабою тэхнічны тракт з удзелам запрошаных статыстаў, якія на час заменяць удзельнікаў конкурсу. З тэхнічнымі дублёрамі будуць працаваць рэжысёры і аператары, падчас гэтых рэпетыцый будзе наладжаны гук і выстаўленае святло. Дарэчы, каля ста прафесіяналаў Белтэлерадыёкампаніі працавалі толькі над тым, каб усталяваць тоны светлавога абсталявання, бо для кожнай краіны-ўдзельніцы рыхтуецца індывідуальны сцэнарый па асвятленні сцэны падчас выступлення яе прадстаўніка.

Рэпетыцыі з рэальнымі ўдзельнікамі дзіцячага "Еўрабачання-2018" пачнуцца 20 лістапада, на наступны дзень пасля таго, як у Мінску будзе дадзены старт еўратыдню. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбудзецца 19 лістапада ў Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" ў 17:00. Тэлеверсія свята будзе паказаная ў эфіры адразу пасля "Панарамы" на каналах "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама на афіцыйным сайце медыяхолдынга www.tvr.by.

Больш падрабязна аб падрыхтоўцы да галоўнай музычнай падзеі года, якая адбудзецца 25 лістапада, можна даведацца з выпускаў навін і "Дзённікаў дзіцячага "Еўрабачання-2018". Дзённікі "Light up!" выходзяць на "Беларусь 1" па буднях у 20:55, а па нядзелях у вялікім фармаце - у 20:15.

Нагадаем, арганізатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС). 

Присоединяйтесь к нам