Прэс-рэліз
У эфіры міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" стартаваў новы пазнавальны праект "100 фактаў аб Беларусі". Увазе тэлегледачоў будуць прапанаваны кароткія відэаролікі, якія дазволяць даведацца шмат цікавай і карыснай інфармацыі аб нашай краіне.
Творчая група праекта зверне ўвагу гледачоў на факты, якія раней заставаліся незаўважанымі. Напрыклад, ці ведалі вы, што беларуская мова займае другое месца па меладычнасці, Мінскі батанічны сад - адзін з найбуйнейшых у Еўропе, а агульная працягласць беларускіх рэк у 2 разы большая за даўжыню экватара Зямлі?
Аўтары праекта "100 фактаў аб Беларусі" закрануць самыя розныя сферы: ад спорту да кулінарыі, ад гісторыі да космасу. Паглядзець на Беларусь іншымі вачамі дапамогуць ролікі, у якіх падаюцца малавядомыя факты аб унікальных славутасцях, выбітных земляках і нашых сучасніках.
"Запускаючы гэты праект, мы перш за ўсё ставілі перад сабою мэту распавесці аб нашай Беларусі як мага больш. Тысячы сайтаў, артыкулаў і публікацый, рэйтынгі, топы і разнастайная статыстыка - мы правялі сотні гадзін у пошуку інфармацыі, а потым яшчэ столькі ж аддалі на праверку яе праўдзівасці. І ведаеце, падчас працы над ролікамі мы самі быццам зноў пазнавалі нашу краіну. Гэтыя факты вядомыя далёка не ўсім: напэўна не толькі замежны, але і беларускі глядач знойдзе для сябе шмат новага. Мы ж пастараліся падаць усё маляўніча, ёміста і займальна", - адзначыў намеснік дырэктара тэлеканала "Беларусь 24" Яўген Баранаў.
Ролікі з цыкла "100 фактаў аб Беларусі " тэлегледачы могуць убачыць у эфіры, а таксама на сайце тэлеканала www.belarus24.by ў раздзеле "Аб Беларусі".
Беларусь - дзіўная краіна! Адкрывайце яе разам з "Беларусь 24"!












