"Беларусь 5" ідзе на рэкорд!

03.08.2018

Прэс-рэліз

Спартыўны канал медыяхолдынга на тыдні з 6 па 12 жніўня прапануе балельшчыкам 55 арыгінальных трансляцый розных спаборніцтваў, 40 з якіх гледачы ўбачаць у рэжыме рэальнага часу. Гэта своеасаблівы рэкорд, бо ў такім выпадку "Беларусь 5" будзе паказваць у сярэднім больш як сем трансляцый за суткі.

З 3-га жніўня ў эфіры спартыўнага канала можна сачыць за выступленнем нашых плыўцоў на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту ў Глазга, а з 7 жніўня "Беларусь 5" правядзе трансляцыі кантынентальнага першынства па лёгкай атлетыцы, дзе прымуць удзел Іван Ціхан, Аліна Талай, Таццяна Халадовіч і многія іншыя вядомыя беларускія спартсмены.

З 9 жніўня на пятай кнопцы аматараў самага грацыёзнага і прыгожага віду спорту чакаюць трансляцыі чэмпіянату Беларусі па мастацкай гімнастыцы.

У эфіры тэлеканала традыцыйна будуць даступныя гульні айчынных тэнісістак на турніры ВТА ў канадскім Манрэалі і футбольныя матчы Міжнароднага кубка чэмпіёнаў.

Паспяховае выступленне беларускіх футбольных каманд у кваліфікацыйных раўндах еўракубкаў дазволіць балельшчыкам і далей сачыць за гульнямі нашых клубаў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы УЕФА.

Несумненна, прыемнай навіной для балельшчыкаў стане стартавы тур Англійскай прэм'ер-лігі на тэлеканале "Беларусь 5". 10 жніўня ў 21:50 пачнецца прамая трансляцыя са стадыёна "Олд Трафард", дзе віцэ-чэмпіён АПЛ мінулага сезона "Манчэстэр Юнайтэд" сустрэнецца з "Лестэрам", які, як заўсёды, здольны здзівіць. 11 жніўня працягнуць першы тур матчы "Ньюкасл" - "Тотэнхэм" у 14:20 і "Хадэрсфілд" - "Чэлсі" ў 16:55. Але галоўны матч уік-энда адбудзецца 12 жніўня, калі лонданскі "Арсенал" на сваім полі прыме чэмпіёна сезона 2017/20018 "Манчэстэр Сіці". Пачатак прамой трансляцыі на "Беларусь 5" - у 17:50.

Акрамя таго, 11-12 жніўня спартыўны канал медыяхолдынга пакажа вырашальныя паядынкі чэмпіянату краіны па пляжным футболе.

"Наступны тыдзень будзе насычаным па сетцы вяшчання. Традыцыйна пры выбары і вытворчасці спартыўнага прадукту "Беларусь 5" арыентуецца на інтарэсы беларускага гледача. Да новага сезона мы правялі вялікую працу з кантэнтам тэлеканала. Наперадзе шмат яркіх цікавых трансляцый, якія абавязкова спадабаюцца нашым балельшчыкам. Амаль кожны старт вядучых беларускіх спартсменаў не застанецца без увагі. Галоўныя сусветныя падзеі будуць даступныя ў поўным аб'ёме і прамым эфіры толькі на "Беларусь 5". Усіх карт раскрываць не буду, але магу сказаць, што да свайго пяцігоддзя канал рыхтуе прыемны падарунак для беларускіх балельшчыкаў. Скажу адно - спорту стане яшчэ больш", - адзначыў дырэктар тэлеканала Павел Булацкі.

Нагадаем, што ў кастрычніку гэтага года "Беларусь 5" адзначыць свой пяцігадовы юбілей. Сёння нацыянальны спартыўны тэлеканал з'яўляецца эксклюзіўным праваўладальнікам на паказ больш як ста падзей як міжнароднага, так і рэспубліканскага ўзроўню. Таксама ў сетцы вяшчання канала немалы аб'ём займаюць праграмы ўласнай вытворчасці.