Новая праграма "Беларусь 1" распавядзе "Пра надвор'е"

Новая праграма "Беларусь 1" распавядзе "Пра надвор'е" 07.09.2017

Прэс-рэліз

11 верасня ў рамках "Панарамы" на галоўным канале краіны выйдзе ў эфір праграма "Пра надвор'е". Новая праграма, у якой будзе прапанаваны прагноз надвор'я на найбліжэйшыя суткі ад сіноптыкаў беларускага Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, прыйдзе на змену штодзённай рубрыцы "Надвор'е". Інфармаваць беларусаў аб умовах надвор’я будзе нязменная вядучая праграмы "Навіны надвор'я" Святлана Панкратава.

"Такія зводкі надвор’я заўсёды запатрабаваныя: яны з'яўляюцца аператыўнымі і дакладнымі. Праект "Пра надвор'е" будзе выходзіць у эфір у зручны для гледачоў час. У новым тэлевізійным сезоне мы падышлі да стварэння праграмы крэатыўна, пастараліся зрабіць яе больш насычанай і карыснай, захавалі звыклы беларускамоўны фармат, які так спадабаўся нашай дарослай аўдыторыі", - гаворыць Святлана Панкратава.

Кожны выпуск будзе ўключаць у сябе інфармацыю пра надвор'е на заўтра ў розных рэгіёнах краіны, геамагнітнае становішча, час узыходу і захаду сонца. Аб прыродных катаклізмах, якія адбываюцца ў свеце, гледачы даведаюцца з дайджэсту міжнародных навін надвор’я. Папулярныя рубрыкі "Народны каляндар" і "Месяцавы каляндар" распавядуць аб прыметах, звязаных з прыродай, а таксама аб тым, якія садова-агародніцкія работы рэкамендуюцца выконваць у той або іншы дзень.

Праект "Пра надвор'е" будзе выходзіць у эфір штодня ў рамках выніковай інфармацыйнай праграмы "Панарама" на "Беларусь 1".