"Нашы" на "Беларусь 1": Вячаслаў Харанека

"Нашы" на "Беларусь 1": Вячаслаў Харанека 22.09.2017

Прэс-рэліз

25 верасня на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы. Рэкардсмены". Героем фільма стане шматразовы чэмпіён свету па гіравым спорце, сяміразовы рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Вячаслаў Харанека.

Ён з дзяцінства марыў быць першым. Сілавая трываласць і працаздольнасць дазволілі яму стаць лепшым у гіравым спорце. З 1985 года Харанека актыўна ўдзельнічаў у разнастайных чэмпіянатах і выйграваў усё, пра што гіравік мог толькі марыць. Але неўзабаве яму стала сумна, і з 1991 года Вячаслаў стаў рэкардсменам у экстрэмальным падняцці цяжараў.

У фільме "Нашы. Рэкардсмены" спартсмен распавядзе пра самыя яркія і запамінальныя дасягненні, растлумачыць, дзеля чаго ставіць шматлікія рэкорды, адкуль чэрпае сілы, чаму ў прафесійным спорце заўсёды даводзіцца ахвяраваць здароўем.

Калегі і сябры называюць яго чалавекам-іншапланецянінам з фенаменальнай сілавой трываласцю, усмешкай на твары, пазітыўнай энергетыкай, любоўю да жыцця і спорту і вялізнай працаздольнасцю.

У момант запісу інтэрв'ю на рахунку рэкардсмена было 150 дасягненняў, але ўжо пасля здымак на III Сусветнай Алімпіядзе па гіравым трыятлоне Вячаслаў паставіў яшчэ тры рэкорды! Варта адзначыць, што Харанека сем разоў трапляў у Англійскую кнігу рэкордаў Гінеса.

Аўтар фільма, журналіст Аляксандр Якубоўскі, і здымачная група АТН пакажуць гледачам "Беларусь 1" самыя незвычайныя і неверагодныя дасягненні спартсмена. Чаго толькі варты жым гіры пад вадой у шпагаце або самы працяглы індывідуальна-сілавы рэкорд у свеце, пастаўлены ў 2005 годзе. Тады двое сутак без сну і адпачынку Вячаслаў на прамых руках падняў 40-кілаграмовую бочку 6160 разоў. Дарэчы, рэкорды Харанекі ў шпагаце дагэтуль не пабітыя. Тым самым спартсмен дэманструе, наколькі неабмежаваныя магчымасці чалавека, варта толькі захацець.

Фільм пра Вячаслава Харанеку з цыкла "Нашы. Рэкардсмены" выйдзе ў эфір у панядзелак, 25 верасня, адразу пасля "Панарамы".