"Нашы" на "Беларусь 1": Кірыл Шымко

"Нашы" на "Беларусь 1": Кірыл Шымко 06.10.2017 Прэс-рэліз

9 кастрычніка на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы. Рэкардсмены". Героем фільма стане стронгмен, неаднаразовы рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Кірыл Шымко.

Звычайнае беларускае дзіця, якое нарадзілася вагой 3 кг 800 г і ростам 52 см, вырасла і захацела быць такім жа моцным, як Геракл. Ён даказаў усяму свету, што няма мяжы чалавечым магчымасцям, калі ўласнаручна ссунуў чыгуначны састаў, самалёт і нават танк!

Сёння яго запрашаюць на сусветныя шоу ў якасці самага моцнага чалавека планеты, ён здымаецца ў кіно, надзімае грэлкі, згінае і раздае ў якасці сувеніраў ключы з самай моцнай сталі.

У фільме "Нашы. Рэкардсмены" спартсмен распавядзе, як перасільваючы боль з-за траўмы, нягледзячы на ўгаворванні блізкіх, ссунуў БелАЗ вагой 55 тон.

На пытанні маці, да якога ўзросту Кірыл будзе займацца такім знясільваючым і небяспечным відам спорту, рэкардсмен адказвае, што цягаць цяжары будзе да канца жыцця, а яго сын Цімур Шымко бярэ прыклад з бацькі.

Аўтар фільма, журналіст Крысціна Камыш і здымачная група АТН пакажуць гледачам "Беларусь 1" самыя незвычайныя і неверагодныя дасягненні спартсмена. Урачы-эндакрынолагі, дыетолагі і нутрыцыёлагі распавядуць, у чым сакрэт фізічнай сілы Кірыла Шымко, яго волатаўскага здароўя і ўнікальнай генетыкі.

Фільм пра беларускага стронгмена з цыкла "Нашы. Рэкардсмены" выйдзе ў эфір у панядзелак, 9 кастрычніка, адразу пасля "Панарамы".