"Нашы. Бізнесмены" на "Беларусь 1": Сяргей Навіцкі

"Нашы. Бізнесмены" на "Беларусь 1": Сяргей Навіцкі 13.10.2017

Прэс-рэліз

16 кастрычніка на тэлеканале "Беларусь 1" стартуе чарговы цыкл праекта Агенцтва тэленавін "Нашы" - гэтым разам пад загалоўкам "Бізнесмены". Героем першага выпуску стане генеральны дырэктар сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю "Хенкель Баўтэхнік", член Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Навіцкі.

Ён неаднаразова прызнаваўся найлепшым прадпрымальнікам Мінскай вобласці і найлепшым прадпрымальнікам Мінскага раёна. Атрымаўшы адукацыю інжынера-электрыка, кар'еру Сяргей пачынаў інжынерам-канструктарам у "Інтэграле", пазней перайшоў у будаўнічы бізнес.

У выпуску цыкла "Нашы. Бізнесмены" Сяргей Навіцкі распавядзе, як пачынаў свой шлях у бізнесе, з якімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі сутыкнуўся. Ён не толькі падзеліцца з гледачамі сваімі дасягненнямі, але і распавядзе пра няўдачы, закране тэму якасцяў, неабходных паспяховаму прадпрымальніку, дасць парады маладым бізнесменам. Гісторыю прадпрымальніцтва галоўнага героя дапоўняць эксклюзіўныя інтэрв'ю блізкіх людзей і калег.

Аўтар фільма журналіст Сяргей Воляк і здымачная група АТН даведаюцца, у чым Сяргей Навіцкі бачыць перашкоды для развіцця бізнесу ў Беларусі, якія змены чакаюць прадпрымальнікаў з кастрычніка гэтага года і чаму поспех бізнесу і дзяржавы непадзельныя.

Нагадаем, у новым тэлевізійным сезоне праект "Нашы" выходзіць на "Беларусь 1" кожны панядзелак у вячэрнім эфіры, адразу пасля "Панарамы". Фільм пра Сяргея Навіцкага гледачы ўбачаць 16 кастрычніка.