На "Беларусь 3" выканаюць "Песні пад гітару"

На "Беларусь 3" выканаюць "Песні пад гітару" 21.09.2017

Прэс-рэліз

26 верасня ў эфіры "Беларусь 3" увазе гледачоў будзе прапанаваны новы музычны праект тэлеканала - конкурс "Песні пад гітару". Удзельнікамі праграмы стануць таленавітыя спевакі і музыканты, а ў ролі экспертаў выступяць вядомыя беларускія аўтары-выканаўцы.

Кожны тыдзень з аўторка па пятніцу ў эфіры тэлеканала будуць праводзіцца музычныя дуэлі за званне лепшага, на думку экспертаў і тэлегледачоў, барда праекта. Удзельнікам неабходна будзе выканаць свае лепшыя песні і прадэманстраваць высокі ўзровень майстэрства і самааддачы, каб пазмагацца за права выступіць на фінальным нядзельным вечары, дзе запрошаныя эксперты праграмы падвядуць вынікі галасавання гледачоў на афіцыйным сайце тэлеканала www.3belarus.by і вынесуць свой прафесійны вердыкт.

Героямі прэм'ернага тыдня стануць Анатоль Папейка з Магілёва і мінчанка Алена Маслоўская. "Секундант" і вядучы праекта - Анатоль Длускі. Госцем і экспертам выніковай нядзельнай праграмы стане паэтка, аўтар-выканаўца Вольга Залеская.

Праект стартуе 26 верасня ў эфіры "Беларусь 3". З аўторка па пятніцу ў 23:00 будзе праходзіць конкурсная частка, а кожную нядзелю ў гэты ж час - падвядзенне вынікаў. Галоўны сацыякультурны тэлеканал краіны запрашае гледачоў удзельнічаць у галасаванні за ўпадабаных выканаўцаў.