На "Беларусь 24" стартуе праект "Погляд на Беларусь" і конкурс-эстафета "Я адкрываю Беларусь"

На "Беларусь 24" стартуе праект "Погляд на Беларусь" і конкурс-эстафета "Я адкрываю Беларусь" 04.10.2017

Прэс-рэліз

8 кастрычніка на міжнародным спадарожнікавым тэлеканале медыяхолдынга "Беларусь 24" стартуе новы праект, галоўная мэта якога - паказаць нашу краіну з незвычайнага ракурсу. Апроч гэтага, творчая каманда канала падрыхтавала маштабны конкурс - эстафету самых яркіх і маляўнічых фотаздымкаў Беларусі.

Здымачная група новага праекта даведаецца, з чаго пачынаецца погляд на Беларусь у любога замежнага госця, якое ўражанне складаецца ў чалавека, які ўпершыню наведаў нашу рэспубліку, і як з гадамі змяняецца ўспрыманне нашай краіны ў іншаземцаў, якія праз розныя акалічнасці засталіся тут жыць.

"На айчынным тэлебачанні ёсць шмат праектаў, якія распавядаюць пра беларусаў, пра нашу гісторыю, культуру, жыццё горада, спорт, але мне падаецца, нам не хапае погляду з боку. Таму ў каманды нашага тэлеканала зарадзілася ідэя: а чаму б не распытаць пра Беларусь замежных гасцей, выслухаць іх меркаванне пра нас. Перакананы, гэта будзе нечаканы погляд", - лічыць кіраўнік праекта, дырэктар тэлеканала "Беларусь 24" Аляксандр Мартыненка.

У кожнага з герояў праграмы свая незвычайная, а часам сапраўды захапляльная гісторыя жыцця. Хтосьці апынуўся ў Беларусі выпадкова, але застаўся тут жыць і ўжо даўно не лічыць сябе іншаземцам. У праграме, акрамя самога госця, удзельнічаюць яго родныя і блізкія, сябры, людзі, якія неяк паўплывалі на яго лёс.

Каманда тэлепраекта задасць сваім героям галоўныя пытанні: што прывяло іх у Беларусь, як яны ацэньваюць імідж краіны, з якімі ўражаннямі едуць на радзіму і ў чым, на іх думку, унікальнасць нашага краю.

"Геаграфія праекта ўражвае: ад Бразіліі і да Аўстраліі. Сваім поглядам на Беларусь з намі падзяліліся людзі розных нацыянальнасцяў, узростаў і прафесій. Сярод іх - дыпламаты, выкладчыкі, кухары, дактары, акцёры, звычайныя студэнты і вопытныя падарожнікі. Кожная гісторыя дазваляе зірнуць на нашу краіну па-новаму. Часам пра рэчы, звыклыя для беларуса, іншаземцы распавядаюць з такім здзіўленнем і захапленнем, што разам з героямі здзіўляемся і мы - каманда праекта. Беларусь захапляе, нам ёсць што шанаваць і чым ганарыцца!", - падзялілася сваімі ўражаннямі пасля першых здымак адна з аўтараў праграмы Кацярына Ільіна.

Прэм'ера арыгінальнага праекта "Погляд на Беларусь" адбудзецца ў эфіры тэлеканала 8 кастрычніка ў 19:00.

Адзначым таксама, што 1 кастрычніка на афіцыйных старонках міжнароднага спадарожнікавага канала ў сацыяльных сетках стартаваў маштабны анлайн-праект - конкурс - эстафета самых прыгожых здымкаў краіны пад назвай "Я адкрываю Беларусь". Да эстафеты можа далучыцца любы ахвотнік. Для гэтага неабходна размясціць сваю фатаграфію краявідаў Беларусі ў любых сацыяльных сетках з хэштэгам #яоткрываюбеларусь і падзяліцца ўспамінамі або цікавымі фактамі. У публікацыі можа быць фота роднай вёскі, старой цэркаўкі або містычнага месца, пра якое ходзяць легенды. Апроч гэтага, удзельніку трэба перадаць эстафету сваім сябрам, пазначыўшы іх імёны ў публікацыі.

Кожны тыдзень каманда праекта будзе рабіць падборку лепшых фотагісторый. Аўтары самых крэатыўных работ атрымаюць прызы ад тэлеканала "Беларусь 24". Дарэчы, ініцыятыву далучыцца да эстафеты #яоткрываюбеларусь падтрымалі топавыя беларускія фатографы, папулярныя тэлевядучыя і буйныя групы ва ўсіх сацыяльных сетках.