Міжнароднае радыё "Беларусь" пачне новы сезон на дзевяці мовах

Міжнароднае радыё "Беларусь" пачне новы сезон на дзевяці мовах 28.09.2017

Прэс-рэліз

З 1 кастрычніка праграмы міжнароднага вяшчання Беларускага радыё загучаць і на арабскай мове. Вяшчальны сезон 2017-2018 на радыё "Беларусь" будзе адзначаны яшчэ шэрагам новаўвядзенняў і цікавых праектаў.

Нагадаем, сёння радыё "Беларусь" вяшчае на васьмі мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай, іспанскай і кітайскай. У новым сезоне праграмы міжнароднага радыё загучаць на дзявятай - арабскай. Кожны тыдзень у эфір будзе выходзіць спецыяльны грамадска-палітычны праект на арабскай мове "Знаёмцеся: Беларусь!".

"Наша краіна актыўна развівае супрацоўніцтва з дзяржавамі арабскага свету ў самых розных сферах - ад палітыкі і эканомікі да сацыяльных і культурных пытанняў, і гэта знойдзе сваё адлюстраванне ў праграмах радыё "Беларусь". Такім чынам, патэнцыйная аўдыторыя нашага радыё вырасце на 345 мільёнаў чалавек у розных краінах свету, дзе размаўляюць па-арабску. І, вядома, у падрыхтоўцы праграм будуць удзельнічаць носьбіты арабскай мовы", - адзначыў галоўны дырэктар міжнароднага радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч.

На сучасным этапе ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем у новым сезоне істотна павялічыцца аб'ём вяшчання міжнароднага радыё Белтэлерадыёкампаніі на кітайскай мове. Нараўне з маштабнымі міждзяржаўнымі праектамі ў рамках эканамічнага пояса "Шаўковы шлях" у фокусе ўвагі радыйшчыкаў будуць шматлікія беларуска-кітайскія сацыяльныя і культурныя кантакты, жыццё кітайскіх спецыялістаў і студэнтаў у нашай краіне. У творчую групу праграмы "Ваш сябар - Беларусь" нараўне са штатнымі рэдактарамі радыёстанцыі ўваходзяць і грамадзяне КНР: прафесійныя журналісты і перакладчыкі, выпускнікі і выкладчыкі Інстытута журналістыкі БДУ.

"Галоўнай задачай міжнароднага вяшчання з'яўляецца стварэнне, падтрыманне і ўмацаванне пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь у сусветнай медыяпрасторы. Гэта асабліва актуальна ў працы з аўдыторыяй, якая размаўляе на кітайскай мове, - самай шматлікай у свеце", - дадаў Навум Гальпяровіч.

Нязменна высокая цікавасць іспана- і франкамоўных слухачоў да праграм з Беларусі падахвочвае міжнароднае радыё пашыраць аб'ём вяшчання і спектр тэм на французскай і іспанскай мовах: гэта палітыка, эканоміка, культура, спорт. Асаблівая ўвага надаецца пытанням двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і краінамі Заходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Разам з тым у новым сезоне адбудзецца павелічэнне долі грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных праграм на ўсіх мовах вяшчання.

Радыё "Беларусь" плануе далейшае нарошчванне прысутнасці ў сацыяльных сетках і інтэрактыўных платформах Facebook і WeChat, а таксама развіццё ўласнага YouTube-канала.

Вялікую ўвагу ў сезоне 2017-2018 міжнароднае радыё надасць зваротнай сувязі са сваёй аўдыторыяй. Нагадаем, 1 верасня на радыё "Беларусь" стартавала новая інтэрактыўная патрыятычная акцыя "Гукае ласкай родны край!" з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, пасольстваў і консульстваў Рэспублікі Беларусь за мяжой. Акцыя арыентаваная на беларусаў замежжа і накіраваная на актывізацыю іх сувязяў з гістарычнай радзімай. Слухачы з розных краін свету, у якіх ёсць беларускія карані, могуць перадаць анлайн-прывітанне сваёй малой радзіме, адправіўшы яго на электронны адрас hellobelarus@gmail.com. Гэта можа быць здымак адтуль, дзе чалавек жыве зараз, або фота з сямейнага архіва, з дзецьмі і ўнукамі, з бацькамі, з сябрамі. Перадаць прывітанне роднай Беларусі можна ў выглядзе сэлфі ці відэа, а да матэрыялаў прымацаваць ліст або ўспаміны. Усе анлайн-прывітанні размяшчаюцца на афіцыйным сайце радыё "Беларусь" www.radiobelarus.by. Самыя актыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі акцыі "Гукае ласкай родны край!" атрымаюць памятныя прызы.