"Купі слана" ў "Спецыяльным рэпартажы" на "Беларусь 1"

"Купі слана" ў "Спецыяльным рэпартажы" на "Беларусь 1" 14.08.2017

Прэс-рэліз

15 жніўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануе новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Купі слана". Гэтым разам гледачы даведаюцца, што можа пераканаць спажыўца набыць пыласос па завоблачнай цане або непрыдатны для прыгатавання ежы посуд, чаму рэклама прыносіць чалавеку пакуту, і якія хітрасці выкарыстоўваюць прадаўцы для падману пакупнікоў.

Прыгожыя словы, яркія колеры, шматабяцальныя загалоўкі, ашаламляльныя вынікі. Рэклама маніпулюе не свядомасцю, а падсвядомасцю людзей, ствараючы на экране казачнае жыццё, якое і не снілася простым людзям. Чалавек пасля прагляду роліка адчувае сябе няшчасным, разумеючы, што не скарыстаўся прапанаванай паслугай або не мае такой рэчы. І вырашае яе набыць, каб атрымаць сваё доўгачаканае і заслужанае шчасце.

Журналісты ў новым выпуску "Спецыяльнага рэпартажу" рассакрэцілі хітрыкі і падманы прадаўцоў, даведаліся, як уздзейнічаюць на ўяўленне пакупніка маркетолагі, і вылічылі тых, хто прадае людзям няякасны тавар.

Карэспандэнты АТН расказалі рэальную гісторыю падманутай жанчыны, якая на бясплатнай прэзентацыі набыла пыласос па неверагодна высокай цане. Акрамя таго, здымачная каманда паспрабавала дапамагчы пажылой пакупніцы, звярнуўшыся ў Мінскае таварыства спажыўцоў, пагутарыўшы з юрыстам і звязаўшыся з самім прадаўцом.

Здымачная група АТН таксама раскрыла сакрэт самага гучнага піяр-ходу гэтага года і даведалася, якія мэты ставілі перад сабой стваральнікі нашумелага відэароліка адной беларускай маркі адзення.

"Мы даведаліся, што стаіць за пастаянным рэкламным шумам, які спрабуе вырваць нас са звычайнага жыцця, ацанілі эфект утоенай рэкламы, звярнуўшыся ў лабараторыю нейрамаркетынгу. Таксама правялі эксперымент, каб убачыць, якую ролю ў выбары тавару адыгрываюць брэнды. Скажу адразу, вынік аказаўся нечаканым", - падзяліўся аўтар фільма "Купі слана" журналіст АТН Ян Пашкевіч.

"Спецыяльны рэпартаж" таксама распавядзе, чаму падчас здымак рэкламнага роліка ядомых прадуктаў прысутнічаюць стыліст і дублёр, якімі матэрыяламі, напрыклад, замяняюць пельмені, марожанае або лёд.

Фільм "Купі слана" гледачы "Беларусь 1" убачаць у аўторак адразу пасля "Панарамы".

Нагадаем, летні сезон арыгінальнага праекта АТН "Спецыяльны рэпартаж" выходзіць у новым фармаце з арыгінальнай графічнай упакоўкай і крэатыўнымі рэжысёрскімі хадамі.