"Хачу. Магу. Буду!" - на "Беларусь 1"

"Хачу. Магу. Буду!" - на "Беларусь 1" 25.09.2017

Прэс-рэліз

26 верасня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пакажа новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "Хачу. Магу. Буду!". У фільме гледачоў чакаюць няпростыя, але натхняльныя гісторыі жыцця трох беларусаў з абмежаванымі магчымасцямі, але з бязмежнай воляй.

Як шмат ідэй па розных прычынах застаюцца ўсяго толькі ідэямі, а жаданні і магчымасці не ператвараюцца ў дзеянні. Спецыяльны карэспандэнт Аляксандр Харавец і здымачная група АТН падрыхтавалі фільм, які распавядзе пра лёс некалькіх людзей з інваліднасцю і тое, як яны, пераадольваючы адчай і фізічную хваробу, дамагліся жаданага - захацелі, змаглі і зрабілі. Іх пазітыў, жаданне жыць і ўпэўненасць ва ўласных сілах здольныя натхніць, бадай, кожнага гледача.

Больш як 18 гадоў Аляксандр Макарчук жыў з поўнай паралізацыяй цела і без дакладнага медыцынскага дыягназу, але пры гэтым стварыў свой бізнес і даў магчымасць зарабіць іншым людзям. Іншы герой фільма - Аляксандр Еўдакімаў - у дзяцінстве страціў зрок, але гэта не перашкодзіла яму вывучыцца на музыказнаўца і выкладаць гісторыю музыкі, пісаць песні і здымаць фільмы. Імя трэцяй гераіні пастаянна з'яўляецца ў загалоўках сродкаў масавай інфармацыі. Сёлета чароўная Аляксандра Чычыкава збіраецца пакарыць міжнародны конкурс прыгажосці "Міс свету на калясцы - 2017" і прадставіць на ім нашу краіну.

Выпуск "Хачу. Магу. Буду!" праекта "Спецыяльны рэпартаж" гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць у аўторак пасля "Панарамы".