Госць праекта "Майстры і куміры" - Мікалай Пінігін

Госць праекта "Майстры і куміры" - Мікалай Пінігін 03.08.2017

Прэс-рэліз

6 жніўня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" увазе гледачоў будзе прапанаваны чарговы выпуск праекта "Майстры і куміры". Госцем праграмы стане галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікалай Пінігін, які хутка адзначыць свой 60-гадовы юбілей.

Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся 6 жніўня 1957 года ва ўкраінскім горадзе Ізюм. У 1979 годзе пасля заканчэння аддзялення рэжысёраў тэлебачання Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ён прыйшоў працаваць на тэлебачанне ў літаратурна-драматычную рэдакцыю. Праз год яго запрасілі на працу акцёрам у Рускі драматычны тэатр імя Горкага. У гэтым жа тэатры адбыўся дэбют Мікалая Пінігіна ў якасці тэатральнага рэжысёра. Спектаклі "Аповесць аб бяздомных сабаках" і "Аб'ява ў вячэрняй газеце" адразу звярнулі на сябе ўвагу крытыкаў і гледачоў.

У 1985 годзе Мікалай Пінігін становіцца рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе стварае свае найлепшыя спектаклі. У 1998 годзе яго запрашаюць рэжысёрам Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава ў Санкт-Пецярбургу. У 2009 годзе ён узначальвае Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, мастацкім кіраўніком якога застаецца і па сённяшні дзень. Дарэчы, на рахунку ў Мікалая Мікалаевіча больш за 50 пастановак. Таксама герой праграмы "Майстры і куміры" з'яўляецца прафесарам кафедры майстэрства акцёра БДАМ і мастацкім кіраўніком курсу рэжысёраў драмы.

6 жніўня ў эфіры "Беларусь 3" знакаміты рэжысёр разам з тэлегледачамі здзейсніць падарожжа ў мінулае дзякуючы ўнікальным архіўным відэаматэрыялам Белтэлерадыёкампаніі, якія нікога не пакінуць абыякавым.

Гутарка з Мікалаем Мікалаевічам будзе напоўнена цікавымі ўспамінамі і адкрыццямі, аповедамі пра сям'ю, творчасць, захапленні. Гледачы нанова адкрыюць для сябе гэтага дзіўнага чалавека, даведаюцца цікавыя факты пра яго, зарадзяцца яго энергіяй, аптымізмам і талентам.

У праграме будуць паказаныя і фрагменты спектакляў, якія паставіў вядомы рэжысёр, сярод іх - "Сымон-музыка", "Трагедыя чалавека", "Тутэйшыя", "Загнаны конь", "Ідылія" і іншыя. Таксама гледачы тэлеканала ўбачаць рэдкія кадры з Мікалаем Мікалаевічам у амплуа акцёра і ўнікальныя фрагменты, у якіх рэжысёр чытае вершы.

Выпуск праекта "Майстры і куміры" да вялікага юбілею Мікалая Пінігіна будзе паказаны ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" 6 жніўня ў 17:15.