Гледачы "Беларусь 1" убачаць "На полі танкі…"

Гледачы "Беларусь 1" убачаць "На полі танкі…" 06.09.2017

Прэс-рэліз

7 верасня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пакажа новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" - "На полі танкі…". Гэтым разам гледачы пазнаёмяцца з людзьмі, якія займаюцца пошукам і аднаўленнем ваеннай тэхнікі і зброі, даведаюцца, як знойдзеныя ў зямлі фрагменты перараджаюцца ў паўнавартасную баявую машыну часоў Другой сусветнай, а таксама стануць сведкамі праверкі гарматы ўзору 1944 года, якая ўжо некалькі дзясяткаў гадоў не нюхала пораху.

Шматгадовыя раскопкі гарачых пунктаў Вялікай Айчыннай вайны дазваляюць убачыць, наколькі былі вялікія чалавечыя страты, як шмат кінутай і паламанай тэхнікі засталося ў палях. Ваенныя знаходкі становяцца вялікім скарбам і часам нават адкрыццём для гісторыі. Разам з камандай экспедытараў здымачная група АТН адправілася на пошукі закінутага танка і пагутарыла з тымі, хто займаецца захаваннем памяці аб Другой сусветнай вайне.

Новы выпуск "Спецыяльнага рэпартажу" распавядзе, як праходзяць экспедыцыі па падніманні ваеннай тэхнікі ў Беларусі, чаму чорнакапальнікі становяцца ворагамі для гісторыі, над чым зараз працуе майстэрня гістарычнага комплексу "Лінія Сталіна" і якім запомніўся танк БТ-7 у расійскім мастацкім фільме "Поп", які аднавіла каманда рэстаўратараў майстэрні "Рэха вайны". Таксама тэлегледачы даведаюцца, чаму з тысячы паведамленняў пра меркаванае месцазнаходжанне баявых гармат пацвярджаюцца толькі адзінкі.

"У людзей, якія вядуць шматгадовыя раскопкі ваеннай тэхнікі, ёсць галоўная мэта - каб памяталі і не забывалі пра Вялікую Айчынную вайну. Менавіта таму яны кожны год ездзяць па краіне ў пошуках часам некалькіх кавалкаў іржавага металу. Менавіта яны аднаўляюць тэхніку, на якой ваявалі ў Другой сусветнай. І менавіта таму кожны год у Дзень танкіста на "Лініі Сталіна" праходзяць паказальныя выступленні танкавага біятлона з удзелам беларускага экіпажа, зараз ужо на сучасных машынах, пра якія нашы дзяды нават і не марылі", - распавёў аўтар фільма "На полі танкі…" Руслан Туркоў.

Новы выпуск праекта "Спецыяльны рэпартаж" гледачы "Беларусь 1" убачаць у чацвер адразу пасля "Панарамы".