"Галоўны эфір" падзяліцца эксклюзівам з гледачамі "Беларусь 1"

"Галоўны эфір"  падзяліцца эксклюзівам з гледачамі "Беларусь 1" 18.08.2017

Інфармацыйнае паведамленне

20 жніўня тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі гатовыя падзяліцца эксклюзівам з гледачамі штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы "Галоўны эфір". Журналісты АТН даведаліся, да чаго прывядзе паступовае зніжэнне набору на навучанне ў ВНУ, чым так прывабныя беларускія стартапы для замежнай публікі, хто рвецца ў кватэры мінчан і навязвае непатрэбныя тавары і чаму ў ЗША зносяць помнікі.

Напярэдадні рэспубліканскага педагагічнага савета намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко дасць эксклюзіўнае інтэрв'ю журналістам "Галоўнага эфіру". Ён растлумачыць, чаму пяцібальная сістэма ў большай ступені дазваляе адысці ад суб'ектыўнай ацэнкі ведаў вучняў, што адбудзецца пасля паступовага зніжэння набору на навучанне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, якую зарплату атрымаюць педагогі ў новым навучальным годзе, і ці не расчаруюць школьнікаў новыя падручнікі.

Кампанія Google набыла беларускі IT-праект AIMATTER, распрацоўшчыкі якога стварылі тэхналогію апрацоўкі адлюстраванняў на базе нейронавых сетак. "Галоўны эфір" адправіўся ў Парк высокіх тэхналогій, каб даведацца ў праграмістаў, чым так упадабаліся амерыканцам айчынныя стартапы.

У журналісцкім расследаванні праграмы гледачы даведаюцца, якое жуллё ходзіць па жыллі, хто рвецца ў кватэры мінчан і навязвае непатрэбныя тавары і паслугі, чаму так лёгка трапіць на кручок аферыстаў, і да якіх наступстваў могуць прывесці адчыненыя дзверы і даверныя размовы.

"Вірус пячэнькі" вярнуўся ад рэцыпіента да донара. У ЗША працягваюць зносіць манументы прыхільнікам Канфедэрацыі Паўднёвых штатаў. Здымачная каманда АТН разабралася, каму перашкодзілі старыя помнікі, і чаму за Атлантыкай раптам "адкапалі" тамагаўк грамадзянскай вайны пазамінулага стагоддзя.

У нядзелю ў 21:00 у эфіры "Беларусь 1" вядучыя праекта, як заўсёды, будуць працаваць у месцах асноўных падзей палітычнага, эканамічнага і грамадскага жыцця ў краіне і за мяжой, а гледачы ўбачаць эксклюзіўныя інтэрв'ю самых вядомых людзей.