Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі!

Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі! 15.10.2017

Прэс-рэліз

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі. Пра гэта Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь афіцыйна паведаміў Еўрапейскі Вяшчальны Саюз (ЕВС). Шоу адбудзецца ў Мінску ў лістападзе будучага года. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступіць Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне член ЕВС.

У сувязі са змяненнямі правіл Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" тэлекампанія - арганізатар наступнага конкурсу можа быць названая яшчэ да пачатку шоу 2017 года ў Тбілісі. Каб правільна спланаваць бюджэт і ўсе этапы падрыхтоўкі мерапрыемства, краіны - удзельніцы ЕВС мелі магчымасць падаць заяўку на правядзенне дзіцячага "Еўрабачання-2018" загадзя. На думку кіруючай групы конкурсу, заяўка Белтэлерадыёкампаніі прызнаная лепшай, у выніку Беларусь становіцца гаспадыняй дзіцячага "Еўрабачання-2018".

Детское Евровидение МинскНаша краіна ўжо мае вопыт правядзення гэтага прэстыжнага форуму. Еўрапейскі Вяшчальны Саюз высока ацаніў узровень падрыхтоўкі і арганізацыі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску ў 2010 годзе. Тады Беларусь падарыла мільёнам гледачоў па ўсёй Еўропе выдатнае шоу і мноства яркіх уражанняў. Для лепшых маладых выканаўцаў кантынента быў арганізаваны незабыўны еўратыдзень, поўны весялосці, новых адкрыццяў і сяброўства.

Нагадаем, Беларусь удзельнічае ў Міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" з моманту яго заснавання - з 2003 года. Першай беларускай удзельніцай была Вольга Сацюк, якая заняла чацвёртае месца. На рахунку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007 - Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". Летась Аляксандр Мінёнак заняў сёмае месца. На дзіцячым "Еўрабачанні-2017", фінал якога пройдзе 26 лістапада ў сталіцы Грузіі, Беларусь прадставіць Хелена Мерааі з песняй "Я самая".