Белтэлерадыёкампанія пакажа галоўныя хакейныя і футбольныя матчы жніўня

Белтэлерадыёкампанія пакажа галоўныя хакейныя і футбольныя матчы жніўня 16.08.2017

Прэс-рэліз

Напрыканцы жніўня тэлеканал "Беларусь 5" будзе трансляваць гульні беларускіх хакейных клубаў "Дынама-Мінск" і "Нёман" у КХЛ і Лізе чэмпіёнаў адпаведна. Футбольныя балельшчыкі таксама змогуць назіраць за матчамі ўпадабаных каманд, у тым ліку за цэнтральнай гульнёй 20-га тура беларускага першынства "Шахцёр" (Салігорск) - БАТЭ (Барысаў). Яе медыяхолдынг пакажа 27 жніўня ў прамым эфіры на афіцыйным сайце www.tvr.by.

21 жніўня тэлеканал "Беларусь 5" пачне сачыць за матчамі Кантынентальнай хакейнай лігі. Уладальнік Кубка Гагарына - 2017 СКА (Санкт-Пецярбург) у матчы-адкрыцці сустрэнецца з непрымірымым сапернікам па Заходняй канферэнцыі - ЦСКА (Масква). Спартыўны канал "Беларусь 5" пакажа гэтую гульню ў прамым эфіры ў 19:20.

23 жніўня стартуе беларускі прадстаўнік у КХЛ - "Дынама-Мінск", якому на "Мінск-Арэне" будзе супрацьстаяць "Ёкерыт" (Фінляндыя). Прамую трансляцыю першага матча "зуброў" хакейныя балельшчыкі змогуць убачыць у 19:25 на канале "Беларусь 5".

Дамашнюю серыю матчаў дынамаўцы прадоўжаць 25 жніўня, і ў 19:20 гледачы ўбачаць гульню з падмаскоўным "Віцязем". У гэты ж дзень гродзенскі "Нёман" правядзе матч хакейнай Лігі чэмпіёнаў супраць "Вена Кэпіталз" (Аўстрыя). Матч будзе паказаны на "Беларусь 5" у 21:50, а на сайце www.tvr.by балельшчыкі змогуць назіраць за гэтай гульнёй у рэжыме рэальнага часу.

У жніўні "Беларусь 5" будзе працягваць пільна сачыць за айчынным першынством па футболе.

У сувязі з пераносам часу пачатку гульні 20-га тура чэмпіянату Беларусі "Шахцёр" (Салігорск) - "БАТЭ" (Барысаў) 27 жніўня тэлеканал "Беларусь 5" арганізуе прамую трансляцыю паядынку на афіцыйным сайце медыяхолдынга. Пачатак гульні - 19:00 - супадае адразу з дзвюма гульнямі, якія будуць праходзіць у гэты ж час: матчам КХЛ "Дынама-Мінск" - ЦСКА і паядынкам хакейнай Лігі чэмпіёнаў "Нёман" (Гродна) - "Цуг" (Швейцарыя). Каб балельшчыкі змаглі назіраць за ўсімі гульнямі ў рэжыме рэальнага часу, Белтэлерадыёкампанія арганізуе інтэрнэт-трансляцыю. Для тых, хто жадае паглядзець матч у поўным аб'ёме на тэлеканале, паядынак "Шахцёр" - БАТЭ "Беларусь 5" пакажа ў 21:20.

Нагадаем, ужо заўтра, 17 жніўня, чэмпіён Беларусі па футболе БАТЭ (Барысаў) у першым матчы плэй-оф Лігі Еўропы сустрэнецца з украінскай "Александрыяй". Тэлеканал "Беларусь 5" запрашае балельшчыкаў падтрымаць адзінага на дадзеным этапе прадстаўніка нашай краіны ў еўракубках. Пачатак матча ў 20:00.