Белтэлерадыёкампанія пачала здымкі праекта для знаек і нязнаек

Белтэлерадыёкампанія пачала здымкі праекта для знаек і нязнаек 25.09.2017

Прэс-рэліз

Генеральны прадзюсарскі цэнтр медыяхолдынга пачаў здымкі новага інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!". Школьнікі з усіх куткоў краіны сустрэнуцца ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", каб прадэманстваваць свае веды, эрудыцыю і творчыя здольнасці.

Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь закліканы знайсці не толькі самых дасведчаных, але і смелых, ініцыятыўных і знаходлівых школьнікаў. Шоу "Я ведаю!" сярод эрудзіраваных навучэнцаў адшукае іскру крэатыву і раскрые таленты, схаваныя за стосам прачытаных падручнікаў. Удзельнікам праекта трэба здзівіць сваімі ведамі не толькі аднагодкаў, але і дарослых, якія, дарэчы, знойдуць адказы далёка не на ўсе пытанні.

Каб прыняць удзел у самым маштабным адукацыйна-спаборніцкім праекце на айчынным тэлебачанні, дзеці прайшлі адборачныя туры ў сваіх школах і раёнах, аб'ядналіся ў каманды. Самыя актыўныя і таленавітыя школьнікі 5-11 класаў на працягу 33 выпускаў у некалькі этапаў пазмагаюцца за каштоўныя прызы і ганаровае званне пераможца шоу ў сваёй узроставай катэгорыі. Аўтары праекта падрыхтавалі мноства займальных і крэатыўных заданняў, для рашэння якіх удзельнікам спатрэбіцца не толькі выдатнае веданне школьнай праграмы, але і агульная дасведчанасць, здольнасць арыентавацца ў розных галінах навукі.

Я ведаю!

Новы праект на тэлеканале "Беларусь 1" акажа падтрымку і дапаможа раскрыцца не толькі школьнікам, але і настаўнікам, якія працуюць з гэтымі дзецьмі. Педагогі правялі дбайную падрыхтоўку навучэнцаў да інтэлектуальнага конкурсу і зараз разам з бацькамі вучняў і групамі падтрымкі таксама прымаюць удзел у здымках тэлевізійнага шоу.

Вядучымі новага праекта стануць Георгій Калдун і Дзмітрый Новік. У некалькіх турах яны прапануюць удзельнікам пытанні, на якія можна адказаць так ці не, задачы з варыянтамі адказаў і заданні зусім без падказак.

"На фоне папулярных інтэлектуальных гульняў для дарослых у дзяцей школьнага ўзросту не так шмат магчымасцяў прадэманстраваць свой узровень эрудыцыі і далягляд. Мы паспрабуем дапамагчы ім праявіць сябе ў тэлепраекце "Я ведаю!", які не ператворыцца ў банальную віктарыну або іспыт. Наша задача - стварыць утульную атмасферу, дзе школьнікам можна будзе не толькі праверыць свае веды, лагічнае мышленне і назіральнасць, але і атрымаць новую інфармацыю, эмоцыі і вопыт удзелу ў тэлездымках. І, натуральна, пазмагацца за галоўны прыз!" - адзначыў вядучы праекта "Я ведаю!" Георгій Калдун.

У фінальных гульнях праекта будуць вызначаныя 7 пераможцаў з кожнай заяўленай паралелі. Пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя падарункі не толькі асабістага характару, але і для ўсяго класа.

Першы выпуск праекта "Я ведаю!" гледачы канала "Беларусь 1" убачаць 7 кастрычніка. Палажэнне аб правядзенні рэспубліканскага тэлевізійнага праекта "Я ведаю!" размешчанае на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.