“Беларусь 3” павіншуе з 80-годдзем Мікалая Чаргінца

“Беларусь 3” павіншуе з 80-годдзем Мікалая Чаргінца 11.10.2017

Прэс-рэліз

17 кастрычніка сацыякультурны канал медыяхолдынга да 80-гадовага юбілею Мікалая Чаргінца пакажа праграму “Камертон”, прысвечаную яго жыццю і творчасці. Вядомы беларускі пісьменнік, палітык, баявы афіцэр, філосаф і юрыст стане госцем праграмы “Калейдаскоп”, а таксама тэлеканал “Беларусь 3” падорыць гледачам мастацкі фільм “Маёр Ветраў”, створаны паводле твораў юбіляра.

У аўторак заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Чаргінец стане госцем праграмы “Калейдаскоп”, якая на працягу дня таксама прапануе гледачам эксклюзіўны сюжэт пра творчую сустрэчу пісьменніка з чытачамі ў кнігарні.

Дзяцінства Мікалая Чаргінца прайшло на Камароўцы, дзе ў юнацкія гады ён гуляў у футбол непасрэдна на балоце. Неўзабаве пачалася яго футбольная кар’ера ў Вінніцы і Кішынёве, пасля заканчэння якой маладога чалавека ўзялі радыярэгуліроўшчыкам у сакрэтны цэх Мінскага завода імя Леніна, які выпускаў абсталяванне для атамных падлодак і самалётаў.

Праграма “Камертон” у 10:55 і 20:15 больш падрабязна раскажа біяграфію юбіляра, які прымерыў за жыццё не толькі спартыўны касцюм, але і дзелавую тройку старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, і форму генерал-лейтэнанта міліцыі з усімі ўзнагародамі, сярод якіх 11 ордэнаў і 40 медалёў, у тым ліку савецкага часу. З 1984 да 1987 года Мікалай Іванавіч прымаў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане, дзе быў паранены, але за ім прыехалі туды жыць жонка і дачка, якая пад абстрэламі дабіралася ў школу ў Кабуле. Падзеі той вайны былі пакладзены ў аснову кніг “Тайна чорных гор” і “Сыны”, за якія пісьменнік быў адзначаны міжнароднымі літаратурнымі прэміямі імя С. Міхалкова і А. Фадзеева.

Праект “Камертон” пакажа архіўныя кадры з фонду Белтэлерадыёкампаніі і афганскія запісы з асабістага архіва Мікалая Іванавіча. Гледачы даведаюцца, як кандыдат юрыдычных навук Чаргінец працаваў з непаўналетнімі злачынцамі, калі быў начальнікам Ленінскага ўпраўлення ўнутраных спраў горада Мінска. Рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса сам раскажа пра 100-працэнтную раскрывальнасць злачынстваў падчас працы ў крымінальным вышуку і пра сваю міжнародную палітычную дзейнасць.

Сёння Мікалай Чаргінец з’яўляецца старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі і працягвае пісаць кнігі, многія з якіх атрымалі другое жыццё, дзякуючы кінаэкранізацыям.

Так, тэлеканал “Беларусь 3” прапануе ўвазе гледачоў чатырохсерыйны фільм “Маёр Ветраў” паводле дэтэктыўных раманаў Мікалая Чаргінца, дзе галоўным героем з’яўляецца лейтэнант Раман Ветраў, які, дзякуючы сваім неверагодным подзвігам, даслужыўся да звання маёра. З 17 кастрычніка ў 17:00 штодзённа ў эфіры сацыякультурнага канала чарговая серыя гэтай прыгодніцкай стужкі з паўторам у 21:30.

Падзеі фільма “Маёр Ветраў” адбываюцца ў нашы дні ў Чачні, дзе персанаж, прыдуманы Чаргінцом, трапляе ў палон міжнароднага тэрарыста Хакіма, банда якога накіроўвае груз наркотыкаў у родны горад Ветрава - Рэчанск. Маёру ўдалося ўцячы з палону, але ваенная пракуратура абвінавачвае Ветрава ў парушэнні загаду камандавання не ўступаць у змаганне з баевікамі. Аднак герой уцякае і са шпіталя, дзе яго ахоўваюць супрацоўнікі ваеннай пракуратуры, каб адправіцца ў Рэчанск і сарваць планы наркамафіі.

Дарэчы, гэтая стужка рэжысёра Аляксандра Франскевіча-Лае ў 2007 годзе была адзначана прэміяй “За стварэнне складанапастановачнага тэлевізійнага фільма” на VIII Міжнародным тэлекінафоруме “Разам” у Ялце.