"Беларусь 3" пакажа 10 мастацкіх фільмаў - прызёраў фестывалю "Лістапад" розных гадоў

"Беларусь 3" пакажа 10 мастацкіх фільмаў - прызёраў фестывалю "Лістапад" розных гадоў 16.10.2017

Прэс-рэліз

Напярэдадні XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", які пройдзе з 3 па 10 лістапада, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа лінейку мастацкіх фільмаў - прызёраў фестывалю папярэдніх гадоў. Кожны вечар з 24 кастрычніка гледачы сацыякультурнага канала змогуць паглядзець лепшыя кінакарціны "Лістапада". Папярэднічаць фільму будзе праект "Час кіно" з кінакрытыкам, кандыдатам філалагічных навук Людмілай Саянковай. Людміла Пятроўна дасць гледачам не толькі сваю рэцэнзію на карціну, але і ўспомніць асаблівасці правядзення кінафестывалю ў той год, калі карціна атрымала ўзнагароду.

З 24 кастрычніка па 2 лістапада "Беларусь 3" пакажа такія фільмы, як "Краіна глухіх" ("Золата "Лістапада", 1998), "Прыкаваны" ("Бронза "Лістапада", 2002), "Вяртанне" ("Золата "Лістапада", 2003), "Пасажырка" ("Золата "Лістапада", 2008), "Не хлебам адзіным…" ("Золата "Лістапада", 2005), "Я абслугоўваў англійскага караля" ("Серабро "Лістапада", 2007), "Я памятаю" ("Бронза "Лістапада", 2006), "Павадыр" ("Серабро "Лістапада", 2001), "Зязюля" ("Золата "Лістапада", 2002), "Мне не балюча…" ("Золата "Лістапада", 2006).

24 кастрычніка гледачы ўбачаць крымінальную драму рэжысёра Валерыя Тадароўскага "Краіна глухіх", знятую паводле аповесці Рэнаты Літвінавай "Валодаць і належаць". У 1998 годзе на кінафестывалі "Лістапад" карціна атрымала Гран-пры за лепшы фільм, а таксама прыз журы кінапрэсы "За лепшую жаночую ролю" (Дзіна Корзун).

Гісторыю пра сустрэчу афганца Паўла з маладой скрыпачкай Ганнай, якая пасля аказалася яго дачкой, гледачы тэлеканала "Беларусь 3" убачаць 25 кастрычніка. Фільм Валерыя Рыбарава "Прыкаваны" на фестывалі "Лістапад" стаў бронзавым прызёрам.

Драму Андрэя Звягінцава "Вяртанне" сацыякультурны канал пакажа 26 кастрычніка. Фільм распавядзе пра двух братоў, у жыцці якіх нечакана ўзнікае бацька. Ён вырывае хлопцаў са звыклага існавання ў ціхім родным горадзе і прывозіць на закінуты востраў, цалкам змяняючы іх жыццё.

27 кастрычніка вечар пятніцы ўпрыгожыць фільм Станіслава Гаварухіна "Пасажырка" паводле аднайменнай аповесці Канстанціна Станюковіча. У 2003 годзе карціна атрымала Гран-пры за лепшы фільм. 28 кастрычніка гледачы ўбачаць яшчэ адну карціну Гаварухіна "Не хлебам адзіным…", якая перамагла на "Лістападзе-2005".

Трагікамедыя "Я абслугоўваў англійскага караля" чэшскага рэжысёра Іржы Мензеля выйдзе на "Беларусь 3" 29 кастрычніка.

30 кастрычніка тэлегледачы ўбачаць беларускі фільм "Я памятаю…", прысвечаны 20-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён распавядзе пра людзей, якія не склалі рукі і не паддаліся журбе, а змагаліся з нябачным ворагам і перамагалі яго. На міжнародным кінафестывалі ў 2006 годзе карціна атрымала "Бронзу "Лістапада".

Вядомы беларускі фільм "Павадыр" з Пятром Юрчанковым і Валерыяй Арланавай у галоўных ролях пакажуць у эфіры "Беларусь 3" у аўторак, 31 кастрычніка.

Убачаць гледачы тэлеканала і ваенную драму "Зязюля" рэжысёра Аляксандра Рагожкіна, якая атрымала ў 2002 годзе галоўны прыз і дыплом журы гледачоў "Золата "Лістапада", а таксама галоўны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За гуманізм у кіно".

Завершыць паказ мастацкіх фільмаў карціна "Мне не балюча" рэжысёра Аляксея Балабанава. Вядомая гэтая меладрама не толькі моцным сюжэтам і нечаканай развязкай, але і яркім акцёрскім складам: у фільме зняліся Рэната Літвінава, Дзмітрый Дзюжаў, Аляксандр Яцэнка, Мікіта Міхалкоў, Сяргей Макавецкі.

Лінейка фільмаў-прызёраў будзе выходзіць на тэлеканале "Беларусь 3" з 24 кастрычніка па 2 лістапада ў 21:15. Праект "Час кіно" з Людмілай Саянковай - у 21:05.

Таксама тэлеканал і дырэкцыя фестывалю працуюць над тым, каб гледачы "Беларусь 3" убачылі ў тэлевізійным эфіры фільмы - пераможцы нацыянальнага конкурсу гэтага года.

Апроч гэтага, у рамках праграмы "Калейдаскоп. Навіны культуры" будуць выходзіць дзённікі XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю, якія распавядуць пра навіны, гучныя прэм'еры і самыя прыкметныя падзеі "Лістапада-2017".