"Беларусь 1" спытае таго, хто шмат ведае

"Беларусь 1" спытае таго, хто шмат ведае 02.10.2017

Прэс-рэліз

7 кастрычніка на тэлеканале "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ера новага інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!". Удзельнікі праекта дакажуць, што беларускія вундэркінды геніяльныя ва ўсім - яны не проста "батанікі", якія ведаюць творы Шапена і да якога тыпу цячэнняў належыць Гальфстрым, а дапытлівыя, актыўныя і ўсебакова развітыя дзеці, якія захапляюцца спортам, музыкай і танцамі.

Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь запускае першы цыкл праграм "Я ведаю!".

Новы праект на галоўным канале краіны абяцае стаць запамінальным і яркім. Сярод удзельнікаў "Я ведаю!" няма тых, хто прыехаў пакрасавацца ў святле сафітаў - усе эмоцыі дзяцей шчырыя: і слёзы радасці, і перажыванні ад няўдач. У гэтым інтэлектуальным шоу будзе ўсё!

На здымачнай пляцоўцы, што размясцілася ў мінскім Палацы спорту, працавала 11 тэлевізійных камер, якія былі схаваныя ад удзельнікаў, таму ў школьнікаў стваралася ўражанне, што яны знаходзяцца сам-насам з вядучым Георгіем Калдуном. Некаторыя навучэнцы ў дыялогу з Георгіем не баяліся спрачацца з ім на роўных, калі меркаванні не супадалі. Дарэчы, над пытаннямі для віктарыны працавалі як прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, так і рэдактары Белтэлерадыёкампаніі.

Пераможцы і ўдзельнікі дзяліліся ўражаннямі з сувядучым праекта Дзмітрыем Новікам у спецыяльнай Green Room, якую падчас запісу праекта паспелі назваць настаўніцкай.

Паводле ўмоў праекта "Я ведаю!", каб прайсці ў фінал гульні, трэба пераадолець некалькі складаных інтэлектуальных выпрабаванняў. На кожным этапе школьнікі з найменшай колькасцю балаў пакідаюць шоу. Самы разумны і эрудзіраваны павінен быў застацца толькі адзін, але ў тых, хто заняў другое і трэцяе месца ў кожнай з гульняў і атрымаў найбольшую колькасць балаў, будзе шанц пазмагацца за выхад у фінальныя гульні.

На здымачнай пляцоўцы дзяжурыла машына хуткай дапамогі, і перад фіналам некаторым удзельнікам спатрэбілася кансультацыя медыкаў - настолькі кожны хацеў стаць пераможцам шоу.

У фінальных гульнях праекта будзе вызначана сямёрка лепшых з кожнай заяўленай паралелі. Пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя падарункі.

Першы выпуск праекта "Я ведаю!" гледачы канала "Беларусь 1" убачаць 7 кастрычніка ў 14:05.