"Беларусь 1" распавядзе, як здымалі фільм "Патруль 113"

"Беларусь 1" распавядзе, як здымалі фільм "Патруль 113" 09.10.2017

Прэс-рэліз

9 кастрычніка ў вячэрнім эфіры "Беларусь 1" стартуюць відэадзённікі "Патруль 113. За кадрам". Творчая каманда тэлеканала распавядзе, як праходзілі здымкі мастацкага фільма аб унутраных войсках МУС Беларусі, у чым унікальнасць гэтага праекта, чаму ў фільме не будзе ні аднаго прафесійнага акцёра.

Кінакарціна "Патруль 113", прымеркаваная да 100-годдзя ўнутраных войскаў, распавядзе ўсю праўду пра няпростую службу байцоў. Гледачы ўбачаць працоўныя будні афіцэраў, экстрэмальныя сутычкі, не абыдзецца таксама і без любоўнай гісторыі.

Аўтарам сцэнарыя фільма выступіў кіраўнік прэс-службы ўнутраных войскаў МУС падпалкоўнік Уладзімір Пархомцаў, падтрымалі праект маладыя кінематаграфісты: рэжысёр Сяргей Лебедзеў і аператары Дзяніс Астроўскі і Аліса Селішчава.

Дзеянні ў кінастужцы "Патруль 113" максімальна набліжаныя да рэальнага жыцця і працы патруля. Асаблівасць праекта ў тым, што ролі ў фільме выканалі вайскоўцы ўнутраных войскаў, якія, не маючы акцёрскай адукацыі і вопыту, паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі. У здымках фільма ўдзельнічалі каля 100 вайскоўцаў: афіцэры Галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі, байцы роты спецыяльнага прызначэння в/ч 5448, спецназа і САХРа.

У сваю чаргу відэадзённікі "Патруль 113. За кадрам" пакажуць усю кінакухню фільма, эксклюзіўныя інтэрв'ю са здымачнай камандай, цікавыя і смешныя моманты, экстрэмальныя сітуацыі, пазнаёмяць з галоўнымі героямі.

Так, у першым выпуску гледачы "Беларусь 1" убачаць, як праходзіў кастынг на галоўныя і эпізадычныя ролі фільма "Патруль 113", з якімі цяжкасцямі і невыканальнымі заданнямі сутыкаліся наваспечаныя акцёры - вайскоўцы воінскіх часцей, па якіх крытэрыях выбіралі галоўных герояў.

"Наша творчая каманда пастаралася паказаць у выпусках "Патруль 113. За кадрам" усё самае цікавае, дынамічнае і захапляльнае. Хачу адзначыць, што на пляцоўцы панавала камфортная сяброўская атмасфера. Праўда, у першыя дні здымак салдаты, якія здымаліся ў фільме, былі вельмі заціснутыя і на любое пытанне адказвалі "Так точна!", але праз час асвоіліся і раскрыліся", - распавяла рэжысёр відэадзённікаў Яна Шаблыка.

Першы выпуск відэадзённікаў "Патруль 113. За кадрам" гледачы канала "Беларусь 1" убачаць 9 кастрычніка ў 22:10. Сама ж прэм'ера фільма плануецца ў сакавіку 2018 года да дня 100-гадовага юбілею ўнутраных войскаў.