"Беларусь 1" прапануе спецыяльны рэпартаж АТН "Дадзены загад яму на "Захад"

"Беларусь 1" прапануе спецыяльны рэпартаж АТН "Дадзены загад яму на "Захад" 19.09.2017

Прэс-рэліз

19 верасня ў вячэрнім эфіры тэлеканала "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Спецыяльны рэпартаж" - "Дадзены загад яму на "Захад". Каб цалкам акунуцца ў атмасферу сумесных беларуска-расійскіх баявых вучэнняў "Захад-2017", журналіст АТН Аляксандр Харавец некалькі дзён пражыў з салдатамі і афіцэрамі 38 гвардзейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады і экстэрнам прайшоў курс маладога байца.

Здымачная група пабывала на палігоне Лосвіда пад Віцебскам - адным з шасці, дзе ідуць маштабныя вучэнні войскаў Саюзнай дзяржавы "Захад-2017". Там з улікам аналізу апошніх ваенных канфліктаў у свеце змадэліраваны сітуацыі замаху на межы Беларусі і Расіі і з дапамогай найноўшых тэхналогій адпрацоўваюцца розныя варыянты рэакцыі на меркаваны напад. Дарэчы, гэтая падзея ўжо знайшла водгук у Еўропе: дэлегацыя з Латвіі наведала з інспекцыяй некалькі палігонаў, а замежныя сродкі масавай інфармацыі зрабілі акцэнт на тэхнічную аснашчанасць Саюзнай дзяржавы і прафесійны падыход да ўзнаўлення баявых дзеянняў.

Камандзіроўка тэлевізіёншчыкаў прайшла ў спартанскіх умовах: абед і сон - па раскладзе, 20 кілаграмаў абмундзіравання і штодзённыя кіламетры прабегу ў пошуках "праціўніка".

"Спачатку было цяжка: у першую ноч практычна не спаў, салдаты ўскоквалі па камандзе "трывога". Раніцай пазнаёміўся з камандзірам разведроты Аляксандрам Шастаком, які на час здымак стаў маім правадніком і цярпліва тлумачыў на пальцах усе ваенныя тонкасці. Насіць на сабе экіпіроўку было нязвыкла, бо працаваць трэба нароўні з астатнімі, а ўгнацца за байцамі атрымлівалася не з першага разу. Але дэсант сваіх не кідае. У другую ноч заснуў практычна адразу пасля каманды "адбой" - даў аб сабе знаць насычаны дзень. А яшчэ ніколі б не падумаў, што ў палявых умовах можна паспрабаваць такую смачную ежу. Увогуле, пасля гэтай паездкі на некаторыя рэчы я стаў глядзець інакш", - падзяліўся аўтар фільма Аляксандр Харавец.

Пра тое, як брэсцкія дэсантнікі ўладкавалі палявы лагер і ажыццявілі 650-кіламетровы марш-кідок, а таксама пра маладых, якія праводзяць мядовы месяц у акопах, фільм "Дадзены загад яму на "Захад" раскажа ў аўторак, 19 верасня, адразу пасля "Панарамы".